Выбары прайшлі. Што далей?



Вынікі выбараў пракаментаваў палітолаг Сяргей Нікалюк.

РР: Вынікі выбараў для вас прадказальныя?

 — Па вялікім рахунку, так, хоць была маленькая нечаканасць. Я думаў, што Аляксандр Лукашэнка атрымае менш галасоў, чым на мінулых выбарах. Пра гэта сведчылі і некаторыя афіцыйныя прагнозы, якія давалі кіраўніку краіны прыкладна на 4 пункты менш, чым пяць гадоў таму. А аказалася, наадварот. Думаю, гэта звязана з тым, што зараз улада зацікаўлена ў яднанні грамадства, бо мы год пражылі ў новым сацыяльным кантракце. Раней быў кантракт – лаяльнасць у абмен на рост прыбытку. А цяпер: лаяльнасць у абмен на выжыванне. Другі тып лаяльнасці патрабуе большага яднання людзей. Таму, як казалі ў савецкія часы, выбары прадэманстравалі адзінства партыі і народу. У гэтым і заключалася іх задача. І яе выканалі.

 РР: Дастаткова вялікая колькасць выбарцаў прагаласавала супраць усіх кандыдатаў. Аб чым гэта сведчыць?

 — На мінулых выбарах было шмат кандыдатаў, і яны «разабралі» галасы. Але трэба разумець, што ўсё гэта другасна.

 РР: На ваш погляд, ці аб’яднаюць гэтыя выбары апазіцыю?

— Мяркую, што аб’яднаць беларускую апазіцыю практычна немагчыма.

 РР: Што чакае краіну далей, пасля выбараў-2015?

— Усе разумеюць, што краіну бліжэйшым часам чакае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі. Якая галоўная праблема? Беларусь прайшла свой пік яшчэ ў 2006 годзе. Ужо ў 2007 годзе падвоіўся знешні доўг, каб падтрымаць далейшы рост прыбытку. І мы ведаем, чым гэтыя выбары знешне адрозніваліся. Яны прайшлі ва ўмовах, калі зніжаўся ўзровень жыцця людзей. Але на фоне падзей ва Украіне нават гэты кантракт спрацаваў – падтрымка ўлады падчас зніжэння заробкаў павялічылася. Іншая справа, колькі гэты фактар будзе спрацоўваць, якія рэсурсы ва ўлады. Бо зараз яны не столькі сваю палітыку праводзяць, колькі звяртаюць увагу не знешнія фактары: ваенны канфлікт ва Украіне, нестабільнасць у свеце. Цяпер Беларусь уваходзіць у тую стадыю мадэлі, калі росту прыбыткаў чакаць не даводзіцца. Думаю, пасля народ зразумее, што гэта не часовае зніжэнне ўзроўню жыцця. І гэта нас чакае ў бліжэйшыя год-два. А далей, мяркую, шмат у чым развіццё краіны будзе залежыць ад таго, што будзе адбывацца ў Расеі.

 Гутарыў Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя