Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня



Рашэнне пра правядзенне 9 жніўня ў Беларусі выбараў прэзідэнта прынялі на пасяджэнні 8 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ніжняй палаты парламента.

Журналістаў недзяржаўных СМІ для асвятлення мерапрыемства не акрэдытавалі.

Перад дэпутатамі выступіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна паведаміла, што на правядзенне двух тураў прэзідэнцкіх выбараў у бюджэце закладзеная сума ў памеры 36 млн рублёў.

„Яна канстытуцыйную падаплёку (правядзення выбараў. — БелаПАН.) распавяла, асаблівасці бягучага моманту і складанасці, звязаныя з гэтым, разабрала ўсе даты і прапанавала варыянт 9 жніўня”, — паведамілі ў прэс-службе.

Аляксандр Лукашэнка раней ужо заявіў пра свой намер балатавацца на шосты прэзідэнцкі тэрмін.

Размаўляючы 17 лістапада з журналістамі на выбарчым участку пасля галасавання на парламенцкіх выбарах, Лукашэнка заявіў, што не пакрыўдзіцца, калі людзі яго не падтрымаюць. „Я ўжо папрацаваў прыстойную колькасць гадоў. Я на іх не пакрыўджуся, — сказаў ён. — Гэта вы думайце, вылучацца мне на гэтых выбарах ці не. Калі вы шануеце стабільнасць, гэтую рэчаіснасць, развіццё нашай дзяржавы, каб вас не прадалі і не загналі кудысьці, суверэнітэт, незалежнасць дзяржавы і іншае, вось гэтую палітыку, якая ёсць, вы самі павінны прыйсці і сказаць: „Слухай, прэзідэнт, ты яшчэ здаровы”.

„Калі вы не папросіце, я ніколі не буду здымаць сваю кандыдатуру, каб вы потым мяне не папракнулі, што я збег, — працягнуў Лукашэнка. — Я сваю кандыдатуру прапаную на гэтых выбарах. Калі я буду адчуваць, што вы катэгарычна супраць, я буду перажываць. Але вы павінны маю кандыдатуру адкінуць на выбарах. Я ж сказаў: пасінелымі пальцамі трымацца за крэсла не буду. Паверце, гэта не зусім мяккае крэсла! Не думайце, што ў нас прэзідэнцкая ўлада — гэта валадаранне. Ну, хтосьці паспрабуе пасля мяне, а вы ўжо дакладна ўбачыце, як будзе працаваць новы прэзідэнт”.

25 красавіка, каментуючы перанос даты паслання кіраўніка дзяржавы народу і парламенту, Лукашэнка адзначыў, што яго можна сумясціць з перадвыбарнай праграмай цяперашняга прэзідэнта.

Першапачаткова пасланне планавалася на сярэдзіну красавіка, але было адкладзенае. „Я так падумаў, што калі прэзідэнцкія выбары, то можам сумясціць пасланне (пашырыць яго, зрабіць больш стратэгічным) з праграмай цяперашняга прэзідэнта. Гэта адна з ідэй. Я нядаўна літаральна прыйшоў да такой ідэі. Можа быць, яшчэ нешта з’явіцца”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

belapan.by

Фота Reuters / Scanpix