Выбары прэзідэнта ЗША: афіцыйна пераможца пакуль неабвешчаны (абнаўляецца)



На вечар 4 лістапада (па беларускім часе) застаецца невядомым вынік прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. У асноўны дзень галасавання ў так званых спрэчных штатах нібыта перамагаў Дональд Трамп, але пасля сітуацыя стала мяняцца пасля падліку ранейшых галасоў, дасланых праз пошту. Цяпер ужо Джо Байдэн заяўляе пра сваю перамогу.

Адзначаецца таксама сама высокая яўка выбарцаў на выбарах прэзідэнта ЗША за апошнія 120 гадоў – удзел у галасаванні ўзялі 160 мільёнаў чалавек – 66,9%.

У прамым эфіры CNN Дональд Трамп павіншаваў сваіх выбарцаў з перамогай. Рэспубліканец паведаміў, што выйграў у штатах Флорыда, Агаё, Тэхас, Паўночная Караліна і Джорджыя. Акрамя гэтага ён адзначыў, што ўжо выйграе ў Пенсільваніі. Ён таксама падкрэсліў, што нават не чакаў перамогі ў некаторых штатах. Трамп падзякаваў сваіх выбарцаў, сямейнікаў і калегаў.

10.20. Дональд Трамп пачаў выступаць з заявай. Ён падзякаваў амерыканскі народ і сваю сям’ю. Трамп заявіў, што перамог у Джорджыі, Паўночнай Караліне і Пенсільваніі, але афіцыйных вынікаў па гэтых штатах пакуль няма. Трамп заявіў: „Мы выйграем гэтыя выбары. Мы ўжо выйгралі гэтыя выбары!”.

Асноўныя вынікі дня выбараў у ЗША такія – рэспубліканцы па выніках галасавання захавалі бальшыню ў Сенаце, імя ж амерыканскага прэзідэнта афіцыйна стане вядома не раней пятніцы.

Дональд Трамп напісаў ў сваім твітары, што ў яго імкнуцца „украсці выбары”, са свайго боку Джо Байдэн зрабіў заяву, што „не мне і не Трампу абвяшчаць, хто выйграў выбары.

10.00. Засталося дачакацца вынікаў галасавання ў штатах Джорджыя (16 галасоў), Пенсільваніі (20), Паўночнай Караліне (15), Мічыгане (16) і Арызоне (11). Апошнімі зачыніліся ўчасткі на Алясцы, там пакуль лідзіруе Трамп. Байдэн прагназавальна атрымае галасы выбарцаў Нью-Ёрку.

09.40. Амерыканскія штаты Вісконсін, Мічыган і Пенсільванія не плануюць абвяшчаць вынікі галасавання адразу пасля закрыцця ўчасткаў. Так у Вісконсіне (10 прадстаўнікоў калегіі выбарцаў), дзе па ацэнах СМІ лідзіруе Трамп, заявілі, што не змогуць прадставіць аб’ектыўную інфармацыю па выніках галасавання ў дзень выбараў. Трамп таксама апярэджвае свайго суперніка ў Мічыгане (16 галасоў), які плануе агучыць афіцыйныя вынікі не раней пятніцы. Пенсільванія (20 галасоў) тэрміны абвяшчэння вынікаў не называе.

08.50. Трамп значна скарачае разрыў з Байдэнам па колькасці выбарцаў. Паводле каналу Fox News на гэты час Трамп набраў 204 галасы, у Байдэна пакуль 223. Паводле прагнозаў тэлеканалу цяперашні прэзідэнт перамагае ў ключавых штатах – Флорыдзе і Тэхасе, а таксама лідзіруе ў Вісконсіне, Аёве, Агаё і павялічыў адрыў у Пенсільваніі. У важным штаце Тэхас Трамп атрымлівае 38 галасоў.

У ЗША працягваецца падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Як і прагназавалася, іх зыход можа быць невядомы ажно да падліку выніку ў апошніх непадлічаных штатах. Дональд Трамп і Джо Байдэн пакажуць у выніку блізкія лічбы. Для перамогі аднаму з кандыдатаў трэба набраць 270 галасоў.

Вядома, што Дональд Трамп перамог у наступных штатах: Кентукі (8 галасоў калегіі выбарцаў),  Індыяне (11), Заходняй Вірджыніі (5), Тэнесі (11), Арканзасе (6), Паўднёвай Дакоце (3), Паўднёвай Караліне (9), Алабаме (9), Юце (6), Місуры (10), Небрасцы (3), Місісіпі (6), Ваёмінгу (3), Агаё (18), Аклахоме (7).

Джо Байдэн перамагае ў такіх штатах: Вірджынія (13), Масачусетс (11), Дэлавэр (3), Мэрылэнд (10), акруга Калумбія (3), Канектыкут (7), Нью-Джэрсі (14), Каларада (9), Нью-Гэмпшыр (4), Ілінойс (20), Небраска (2), Каліфорнія (55), Арэгон (7), Вашынгтан (12), Нью-Мехіка (5) і Вермонт (3).

На той момант лік быў 178 на 116 на карысць Байдэна.

Беларускае Радыё Рацыя