„Выбары” ў масмедыя



Дзяржаўныя СМІ звярнулі на сёлетнюю прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі больш увагі, чым на папярэднюю. Але пакінулі яе без інтрыгі. Да такіх высноваў прыйшлі эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў. Стаўленне да замежных назіральнікаў спачатку было цёплае, нават прыязнае. Але толькі да таго моманту, пакуль тыя не назвалі выбарчы працэс “збольшага нябачным”. З кіраўніком групы маніторынгу БАЖа Алесем Анціпенкам паразмаўляў наш карэспандэнт Стас Дэдэрка.

РР: Я азнаёміўся з вынікамі маніторынгу за верасень, што рабіў БАЖ. І там ёсць адна такая цікавая выснова: цяперашняя выбарчая кампанія больш актыўна асвятляецца, чым кампанія 2010 года. Чаму, на Ваш погляд, так адбылося?

Алесь Анціпенка: Па-першае, тут трэба ўдакладніць, што значыць больш актыўна асвятляецца. Мы напісалі, што, у параўнанні з выбарчай кампаніяй 2010 года, дзяржаўныя медыя больш часу і плошчы адвялі, па-першае, выбарчай тэматыцы – больш у 2-3 разы. Але гэта інфармацыя тэхнічнага плану. Так, нам распавядаюць пра падрыхтоўку выбарчых участкаў з боку тэрытарыяльных камісій, пра дзейнасць выбаркама, пра складанне спісаў выбарцаў. То бок, гэта інфармацыя, якая не мае асноўнага дачынення да «прэзідэнцкай гонкі», калі кандыдаты змагаюцца, сутыкаючы свае пазіцыі, погляды і спрабуюць давесці выбарцам, што яны лепшыя.

Па-другое, дзяржаўныя медыя адвялі пасля рэгістрацыі час і плошчу дзеля таго, каб расказаць пра кандыдатаў, рабілі нейтральныя, у прынцыпе, рэпартажы. Але гэта і ўсё.

Што тычыцца асвятлення дэбатаў, то я магу распавесці пра канкрэтны прыклад. Праграма, галоўны эфір. На авансцэне ў анонсе з’яўляюцца два журналісты БТ і распавядаюць пра тое, што зараз пачнуцца дэбаты. Пасля гэтага анонсу пачынаюцца іншыя. Расказваюць пра Аляксандра Рыгоравіча, яго паездкі, сустрэчы. Пасля яшчэ 2 разы гучыць анонс. І толькі пасля таго, як ад пачатку праграмы прайшла 1 гадзіна і 20 хвілін, нецярплівым тэлегледачам пачынаюць распавядаць пра дэбаты. І гэта вельмі выразны знак таго, як асвятляюцца выбары ў дзяржаўных медыя. А менавіта гаворка ідзе пра маргіналізацыю апанентаў, пра тое, што выбары не маюць інтрыгі.

РР: Дык чаму ж шырэй пачалі асвятляцца выбары?

Алесь Анціпенка: Ну, шырэй, улічваючы тую папраўку, пра якую я казаў раней. А па-другое, я думаю, што гаворка ідзе пра тую ж задачу, якая заўсёды была. Гэта мабілізацыя выбарцаў. І апошні этап выбарчай кампаніі сведчыць пра тое, што мае месца гэтая мабілізацыя: выбарцаў заклікаюць прыйсці на выбарчыя ўчасткі, а мне нават прыйшла СМС-ка ад ЦВК, у якой пішуць, што мой голас вельмі важны. Таму гэта частка мабілізацыйнай кампаніі з мэтай забяспечыць яўку.

Па сутнасці, у сённяшніх умовах мабілізацыйная агітацыя за выбары – гэта схаваная, непрамая агітацыя за дзейную уладу. Заклікі прыйсці на выбары пастаянна гучаць у дзяржаўным гарадскім транспарце альбо на дзяржаўных тэлеканалах, дзе суправаджаюцца дэманстрацыяй афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі. Тым больш, тое адбываецца на фоне заклікаў апазіцыі да байкоту.

Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота  news.tut.by