Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада
Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы № 293 і 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Указамі прадугледжана, што Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у адпаведнасці са сваімі паўнамоцтвамі арганізуе правядзенне выбараў і ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах.
Мясцовыя саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы павінны не пазней за 8 кастрычніка „правесці вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу і забяспечыць выкананне іншых аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Савет Рэспублікі”.
Дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi „павінны забяспечыць выкананне аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў”.
Савету міністраў даручана „забяспечыць фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне абодвух выбараў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя агульнадзяржаўныя пытанні”.
Указы ўваходзяць у сілу з дня іх афіцыйнага апублікавання.
belapan.by