Выбары ў Турцыі: Эрдаган святкуе перамогу (абноўлена)
Рэджэп Таіп Эрдаган святкуе перамогу. Афіцыйна абвешчана, што ён атрымаў большасць галасоў на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах у Турцыі. У яго 52,5%, у асноўнага саперніка Мухарэма Інджэ з апазіцыйнай Народна-рэспубліканскай партыі — 30,7%. Астатнія чатыры кандыдаты набралі ад 0,2% да 8,4%.
Фота aa.com.tr
Аляксандр Лукашэнка ўжо павіншаваў Рэджэпа Таіпа Эрдагана з перамогай.
На датэрміновых парламенцкіх выбарах перамагла правячая Партыя справядлівасці і развіцця, у яе 42,4%. Яе саюзнік — Партыя народнага руху — атрымала 11,1%. А гэта значыць, што яны разам атрымаюць большасць месцаў у турэцкім парламенце. Народна-рэспубліканская партыя набрала 22,7%, Добрая партыя — 10%, Партыя шчасця — 1,4%. Разам яны будуць мець толькі траціну дэпутацкіх мандатаў. У парламент прайшла яшчэ адна палітычная сіла — пракурдская Партыя дэмакратыі народаў (11,5%).
* * *
Грамадзяне Турэччыны 24 чэрвеня выбіраюць дэпутатаў парламента і прэзідэнта краіны. Галасаванне праводзіцца датэрмінова. Першапачаткова яно планавалася толькі ў наступным годзе. Адзначаецца, што гэта першыя выбары пасля спробы дзяржаўнага перавароту, якая адбылася два гады таму.
Згодна з вынікамі сацапытанняў, фаварытам лічыцца дзейны прэзідэнт Рэджэп Эрдаган. Пры гэтым вельмі верагодна, што будзе другі тур выбараў.
Эксперты лічаць, што галоўная інтрыга разгортваецца вакол менавіта парламенцкіх выбараў, дзе апазіцыя можа ўзмацніць свой уплыў.
Напярэдадні галоўны апанент дзеючага кіраўніка дзяржавы Мухарэм Інджэ на мітынгу ў Стамбуле выказаў надзею на змены ў краіне. Па розных ацэнках, акцыя сабрала да 2,5 мільёнаў чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота twitter.com