Выбары ў ЗША: супярэчлівыя вынікі? (абноўлена)
У ЗША 6 лістапада прайшлі так званыя прамежкавыя выбары. У выніку былі пераабраны 35 з 100 сенатараў, усе 435 членаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэса. Прамежкавымі выбары называюцца таму, што праводзяцца праз два гады пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў і за два гады да наступных.
У цэлым партыйна-геаграфічны раскол застаўся нязменным: бальшыня тых штатаў, якія традыцыйна галасуюць за рэспубліканцаў, засталіся „чырвонымі”, бальшыня „дэмакратычных” акругаў і штатаў падтрымалі „сініх”.
Цяперашнія выбары адзначаны рэкордным за апошнія дзесяцігоддзі роўнем яўкі. Паводле папярэдніх даных, у выбарах узялі ўдзел 114 мільёнаў чалавек у параўнанні з 83 мільёнамі ў 2014 годзе. Больш 35 мільёнаў чалавек прагаласавалі датэрмінова.
***
Збыўся прагноз пра тое, што ніжняя палата адыдзе дэмакратам, а верхняя – рэспубліканцам. Дэмакраты папярэдне займаюць 221 крэсла ў палаце прадстаўнікоў, а рэспубліканцы – 199.
Неадназначна ў ЗША ўспрынялі вынікі галасавання ў штаце Тэхас. Там уплывовы сенатар-рэспубліканец Тэд Круз толькі на некалькі адсоткаў апярэдзіў узыходную зорку дэмакратычнай партыі Бета О’Рурка. З аднога боку, такі вынік дэмакрата ў штаце, які традыцыйна лічыцца крайне кансерватыўным, – сам па сабе значны поспех, які прымусіў казаць пра О’Рурка як патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ў 2020 годзе. З іншага боку, увага да кампаніі О’Рурка была прыцягнута па ўсёй краіне, ён змог сабраць найбольшыя ахвяраванні, але ўсё роўна не здолеў перамагчы апанента.
***
Спікер палаты прадстаўнікоў Пол Раян (рэспубліканец) заявіў, што гісторыя паўтараецца зноў і зноў. А менавіта – партыя, чый прэзідэнт знаходзіцца пры ўладзе, практычна ніколі не можа ўтрымаць палату прадстаўнікоў на першых прамежкавых выбарах.
А тым часам, дэмакраты забяспечылі сабе ўжо 217 месцаў у ніжняй палаце. Яшчэ два і іх кантроль будзе забяспечаны.
Калі паглядзець на электаральную карту ЗША, то ўзнікае ўражанне, што ўся краіна прагаласавала за рэспубліканцаў, аднак, гэта не зусім так. Рэч у тым, што шчыльнасць насельніцтва жыхароў ЗША вельмі неаднародная. У тых штатах, якія размешчаны па берагах акіянаў, шчыльнасць насельніцтва намнога большая, і менавіта там перамагаюць дэмакраты. Менавіта таму яны і будуць кантраляваць ніжнюю палату кангрэсу.
***
Дональд Трамп святкуе сваю лакальную перамогу. Сапраўды, яму ёсць чым ганарыцца. За апошнія 105 гадоў дзейсны прэзідэнт атрымліваў бальшыню ў сенаце толькі 5 разоў!
***
Афраамерыканка Стэйсі Абрамс (Дэмпартыя), якую раней публічна падтрымала Опра Уінфры, заявіла, што адмаўляецца прызнаваць паразу ў губернатарскай гонцы ў шітаце Джорджыя да заканчэння галасавання. Яна заклікае сачыць за кожным голасам.
***
Дэмакратаў у палаце прадстаўнікоў ужо дакладна 210. Рэспубліканцаў – 196. Бальшыня дэмакратаў напэўна ў 2 гады тэрміну Трампа, якія засталіся, будзе імкнуцца максімальна ўскладніць дзейнасць цяперашняга прэзідэнта.
***
Аналітыкі пішуць, што менавіта ў ключавых штатах, на якія трэба звяртаць асаблівую ўвагу ў плане разумення тэндэнцый у амерыканскім грамадстве, перамаглі рэспубліканцы. Істотна пакуль што гэта ніяк не паўплывае на агульны расклад, а вось будучыя выбарчыя кампаніі патрэбна весці, зыходзячы менавіта з гэтых даных. Ключавымі былі, прыкладам, штаты Індыяна, Місуры, Тэхас. Тут выбарцы не галасуюць традыцыйна – аднолькава з разу ў раз, а падтрымліваюць тых, чыя пазіцыя ў даны канкрэтны момант ім бліжэй.
***
Гістарычны дзень для штата Паўднёвая Дакота. Тут упершыню губернатарам, хутчэй усяго, стане жанчына – Крысці Ноэм. Яна рэспубліканка. Вынікі пакуль не канчатковыя, але гэта сапраўды незвычайнае рашэнне для такога кансерватыўнага штата.
У ніжняй палаце Кангрэса будзе рэкордная для ЗША колькасць жанчын, перадае Associated Press. Зараз у кангрэсе 84 пазіцыі займаюць жанчыны. Мяркуючы па пяпярэдніх звестках, агульная колькасць дэмакратак і рэспубліканак можа дасягнуць 89.
***
Суддзя-рэспубліканка Кім Дэвіс, якая стала ў свой час сімвалам супраціву аднаполым шлюбам у Кентукі, пацярпела паразу. Лёс Дэвіс цікавы тым, што за свой супраціў пастанове Вярхоўнага суда пра легалізацыю гей-саюзаў яна нават правяла тры месяцы ў турме.
Афіцыйна дэмакраты ўсё больш набліжаюцца да патрэбнай ім адзнакі 218 крэслаў у палаце прадстаўнікоў. 205 дэмакратаў там ужо дакладна будуць. Рэспубліканцы пакуль адстаюць, хоць не крытычна – 191 месца.
***
Прэзідэнт Дональд Трамп прызнаў, што рэспубліканцы саступілі палату прадстаўнікоў. Познім вечарам (па Вашынгтоне) ён патэлефанаваў лідару раней меншыні ў палаце Нэнсі Пэласі і павіншаваў яе з перамогай, паведаміў начальні яе штаба Дру Хаміл. Акрамя гэтага, ён дадаў, што Трамп заклікаў Пэласі да захавання прынцыпа двухпартыйнасці.
***
Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША атрымаюць паводле прамежкавых вынікаў бальшыню ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса. Такія вынікі прагнозаў тэлеканалаў CNN и Fox News. Канчатковых афіцыйных вынікаў пакуль няма.
Для кантролю над Палатай прадстаўнікоў патрэбна атрымаць як мінімум 218 месцаў з 435. Паводле ацэнкі CNN, у дэмакратаў будзе 238 месцаў, а ў рэспубліканцаў – 197. Пры гэтым у верхняй палаце Кангрэсу – Сенаце – рэспубліканцы павінны атрымаць не менш 51 з 100 крэслаў.
Беларускае Радыё Рацыя