Выбары ва Украіне: хто пройдзе ў Вярхоўную Раду?



За дзесяць дзён да выбараў у Вярхоўную Раду Украіны ўжо вызначыліся галоўныя сілы будучага парламенту суседкі Беларусі. Ужо пэўна, што лідзіруе партыя „Слуга Народу”, якая падтрымлівае дзеючага прэзідэнта Украіны, на другім месцы пакуль знаходзіцца прарасейскія сілы „Апаблоку”. Але таксама паўстаюць новыя асобы і новыя сілы, якія, магчыма, дасягнуць да пяціадсоткавага рубяжа, што дасць ім магчымасць трапіць у склад Вярхоўнай Рады. 

„Госць Рацыі” –  Дзяніс Івашын, дырэктар беларускай службы міжнароднага сайта „ІнформНапалм” мяркуе, што ўсё ж украінцы маюць пераважна праеўрапейскі і пранатаўскі выбар.

– І мы таксама бачым наколькі маргіналізуюцца ўсе прарасейскія сілы. Таму што, калі раней у Вярхоўнай Радзе заўжды быў пэўны баланс дэмакратычных і прарасейскіх сілаў, то зараз яны ўжо будуць знаходзіцца ў пэўным маргінэзе. 12% – 13% – гэта няшмат. Не менш за 70% усіх мандатаў, якія будуць зараз у дзявятым скліканні Вярхоўнай Рады – гэта будуць праеўрапейскія, прадэмакратычныя сілы.

Такім чынам, пакуль у парламент Украіны праходзяць такія палітычныя сілы як:  „Слуга Народу” Зяленскага, „Апаблок” Медведчука, „Еўрапейская салідарнасць” Парашэнкі, магчыма таксама  „Голас” Вакарчука і „Бацькаўшчына” Юліі Цімашэнкі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня