Выбіралі мы «сваіх» прадстаўнікоў у парламент
Гэта мелі быць найважнейшыя з 1989 года выбары ў Польшчы. Мелі быць і па сутнасці такімі і сталі. Гледзячы на яўку 74.38% у маштабе краіны, крыху меншую ў Падляшскім ваяводстве (70.30% )людзі, грамадзяне Польшчы, з адказнасцю паставіліся да выбараў.
Для нашага беларуска-праваслаўнага асяроддзя апошнія парламенцкія выбары не вельмі ўдалыя.
Форум меншасцяў Падляшша і беларускія арганізацыі далі падтрымку Аляксандру Васылюку, які балатаваўся ў Сейм Рэчыпаспалітай са Спіску Трэцяй дарогі (Галоўня 2050 і ПСЛ-сялянская партыя) ды Мацею Жыўну (не беларус) ў Сенат, які балатаваўся з гэтак званага Сенацкага альянса (не ПіС-аўскія кандыдаты разам)
Мацей Жыўна перамог ў Беластоцкай акрузе (адна з трох ў Падляшскім ваяводстве на выбарах у Сенат, у Сейм цэлае ваяводства было адной акругай) і стаў сенатарам.
У сенат выбіралася паводле большаснай сістэмы і Сейм – прапарцыйнай.
Аляксандру Васылюку не хапіла ўсяго 234 галасы. Набраў ён 3249 галасоў. У гэтым месцы хачу не пагадзіцца з публіцысткай «Праваслаўнага Пшэглёнду» Аннай Радзюкевіч, якая піша, што «нікога з кандыдатаў не падтрымала ніводная з многіх беларускіх арганізацыь на Падляшшы».
Падтрымалі. Аляксандра Васылюка і Мацея Жыўну. Ну можа без фаерверкаў, але падтрымалі.
Аднак у Сейм балатаваліся і іншыя кандыдаты з беларуска-праваслаўнага асяроддзя на розных агульнапольскіх спісках. І так, з Грамадзянскай кааліцыі (ГК) сама меней трох кандыдатаў.
Яўген Чыквін – дасведчаны і шматразовы дэпутат Сейма набраў 8332 галасы (не хапіла яму 732 галасоў). Найбольш з усіх праваслаўна-беларускіх кандыдатаў.
Адам Мусюк-дзейны віцэ-прэзідэнт Беластока – 3416 галасоў.
Яраслаў Бароўскі – цяперашні бургамістр Бельска Падляшскага – 2246 галасоў.
Са спіску Трэцяй дарогі (ТД) апрача кандыдата, якога падтрымалі беларускія арганізацыі і Форум Меншасцяў Падляшша Аляксандра Васылюка балатаваўся Мікола Яноўскі – лідар сялянскай партыі на Гайнаўшчыне. Набраў ён 1600 галасоў.
Да таго яшчэ са спіску ПіС балатавалася Люцыя Неміровіч, да мінулага года дырэктар прадшколя з беларускімі аддзеламі ў Беластоку.
За яе прагаласавалі 1053 выбаршчыкаў.
Да таго на спісках Новых левых было што найменш двух кандыдатаў.
Севярын Пракапюк родам з Відава пад Бельскам з партыі Разам – 1434 галасы
і Яўгенія Асташэвіч – былая войт вясковай гміны Бельска Падляшскі – 545 аддадзеных галасоў за яе.
На спіску Канфедэрацыі і Беспартыйных самаўрадаўцаў кандыдатаў беларуска-праваслаўнага асяроддзя не было.
Я невыпадкова, пішучы пра пра колькасць «нашых» кандыдатаў ужываю выраз «сама меней». Вядома што на розных спісках былі ці гэта беларусы, ці праваслаўныя, аднак, у выбарчай кампаніі не акцэнтавалі сваіх нацыянальна-рэлігійных каранёў.
А гэта хаця б Мікалай Мірановіч ці Андрэй Гаўрылюк з Новых Левых (НЛ) або Юры Кулакоўскі, зноў жа з Грамадзянскай Кааліцыі, вядомы беластоцкі спартыўны журналіст.
А тут хачу пагадзіцца з публіцысткай «Праваслаўнага Пшэглёнду» Аннай Радзюкевіч, што «калі бы хаця на аднаго менш было нашых кандыдатаў, верагодна, што мелі б мы аднаго, а то і двух паслоў». Дадам ад сябе, пры ўмове, што галасы пайшлі бы на іншых «нашых» кандыдатаў.
Далей можам сабе паваражыць.
А што было б, каб на спіску Грамадзянскай Кааліцыі быў адзін моцны кандыдат ад нашага асяроддзя? Тады галасы не падзяліліся б на…. прынамсі траіх. Нават была такая чутка. «Навошта выстаўляеце трох праваслаўных на сваім спіску? То ж расцярушацца галасы і нікога з іх не абяруць» – спыталі аднаго з лідараў Кааліцыі на Падляшшы. А той нібыта так адказаў: «I o to nam chodzi”. Мо гэта няпраўда, але галасы на трох кандыдатаў беларуска-праваслаўнага асяроддзя са спіску ГК разбіліся. А было іх (гэтых галасоў разам) сама меней 14 тысяч.
Падобна было на спіску Трэцяй дарогі. За абодвух нашых прагаласавала пад 5 тысяч выбаршчыкаў. А дадаючы галасы аддадзеныя на кандыдатаў Новых Левых і ПіС (амаль 3 тысячы) маем каля 22 тысячаў выбаршчыкаў, якія прагаласавалі на кандыдатаў беларуска-праваслаўнага асяроддзя. Як кажуць ,,mądry Polak po szkodzie”. Або «tak przed szkodą, jak i po szkodzie…głupi”. І гэта акурат датычыць абсалютна нашага асяроддзя.
На маю думку добра, што беларусы балатуюцца з розных спіскаў, бо маюць ці могуць мець розныя светапогляды ад права да лева. Гэтак выказалася на хвалях Радыё Рацыя (праграма Мы бачым-13.10.23) Паўліна Сегень, вядомая даследчыца – сацыёлаг і навуковец.
Давайце глянем на геаграфію выбараў у тых гмінах і гарадах, дзе пражываюць беларусы.
Калі глядзеў я на падтрымку для партый і некаторых кандыдатаў у суседскіх гмінах Орля і Дубічы Царкоўныя, выглядала, што гэта не суседнія гміны і да таго з іншым насельніцтвам.
У Орлі перамагла Трэцяя дарога 33.63% (адзін з лепшых вынікаў у Польшчы) а ў Дубічах Трэцяя дарога набрала 21.95% (таксама вышэй сярэдняй у краіне).
Затое ПіС у Дубіах Царкоўных набраў 31.48%, а ў Орлі за ПіС было 24.64% выбаршчыкаў.
Вынікі Новых левых і Грамадзянскай кааліцыі не так значна розняцца. Новыя левыя атрымалі 7.30% у Орлі і 8.24% у Дубічах; Грамадзянская Кааліцыя – 22.07 % у Орлі і 19.96% у Дубічах. За тое Канфедэрацыя, увага, у Орлі – 9.70 % і 14.70% Дубічы. Аднак за ПіС у нашых гмінах найбольш прагаласавала ў Мельніку – 39.11% і ў Кляшчэлях – 35.01%, але і ў Міхалове – 34.43%. У суседнім Гарадку за ПіС прагаласавала 24.54%, але 33.95% было за Грамадзянскай Кааліцыяй. У Міхалове 30.27%, а ў Мельніку толькі 27.58% было за Кааліцыяй і толькі 16.20% за Трэцяй дарогай (але і так вышэйшы вынік за сярэдні па краіне), І адносна мала за Канфедэрацыяй, бо 6.88%. Што цікава ва ўсіх «нашых» гмінах Новыя левыя атрымалі слабенькі вынік – ад 5.87% у Міхалове да 8.66% у Гарадку. Нізкі рэзультат НЛ і ў Бельску – 6.67%, нягледзячы, што і Севярын Пракапюк і Яўгенія Асташэвіч з …Бельска.
Нашы гарады Бельск і Гайнаўка падобныя па палітычных сімпатыях выбаршчыкаў. Мо ў Гайнаўцы крыху больш прагаласавала за НЛ – 8.05% і Канфедэрацыю – 9.32%, за ТД – 31.86%, ГК – 23.61% а менш за ПіС – 23.88%, чым у Бельску. Тут адпаведна НЛ – 6.67%, Канфэдэрацыя – 8.93%, ТД – 31 68%, ГК – 28.22%. Лепшы вынік ГК у Бельску тлумачу бельскім кандыдатам і бургамістрам Яраславам Бароўскім.
Тое што ў «нашых» прыгранічных гмінах многа набралі галасоў кандыдаты ПіС і Канфедэрацыі трэба тлумачыць фактам, што там менавіта прагаласавалі жаўнеры, які тамака часова дыслакаваныя. І тут усё ясна чаму ў Орлі і Дубічах Царкоўных такія розныя вынікі.
І на завяршэнне пару сказаў пра папулярнасць асобных кандыдатаў у гмінах і гарадах паўднёва-усходняй Беласточчыны.
Несуменным феноменам ёсць Шыман Галоўня – адзін з двух агульнапольскіх лідараў Трэцяй дарогі (другі – старшыня ПСЛ Уладыслаў Касіняк-Камыш). Па-першае, Шыман Галоўня з Беластока. Нават яго лозунг гучаў ,,Jestem stąd”. Па-другое, у яго такое ж наша прозвішча. Для прыкладу, Галаўні жывуць у Кашалях, ля Орлі. Ну што ж новы Владзімеж Цімашэвіч. І асноўны лік галасоў Трэцяй дарогі сабраў менавіта Шыман Галоўня. Тут яшчэ раз скажу, што шкада гэтых не набраных Аляксандрам Васылюкам 234-х галасоў.
І так у Бельску, як і Гайнаўцы найбольш персанальна прагаласавала за Шымана Галоўню. Адпаведна – 2109 і 1552. Нават бяльшчанін Бароўскі не набраў столькі ў Бельску – 1368 (другі вынік у горадзе). У Гайнаўцы за Бароўскага прагаласавала 105 асобаў. Ну, лакальны мясцовы палітык. Вельмі мясцовы. А ў Орлі, адкуль родам Яўген Чыквін, які набраў многа галасоў – 189, аднак усё такі выйграў Галоўня – 199. У Бельску і Гайнаўцы добры вынік меў Яўген Чыквін (адпаведна 866 і 937 галасоў). Адносна добры вынік, але толькі ў Бельску Станіслаў Дэрэгайла (Канфедэрацыя), былы віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства, гаспадар ў Боцьках на Бельшчыне (283 і 90 галасы ды 3568 у маштабе ваяводства). Таксама не стаў ён дэпутатам. Выбаршчыкі канфедэрацыі галасавалі ў асноўным за лідара спіску, Кшыштофа Босака (753 і 663). Адносна добры вынік у Бельску і Гайнаўцы меў Аляксандр Васылюк (258 і 153), 37 галасоў атрымаў ён у Орлі і толькі 11 у Дубічах Царкоўных). А Мікола Яноўскі з Пераходаў ля Гайнаўкі (47 і 608). У сваёй Гайнаўскай гміне набраў ён 254 галасы). Затое ў Мельніку за Яноўскага ніхто не прагаласаваў. Бачна ў гэтым выпадку толькі мясцовая папулярнасць, так як і выпадку чарговага «нашага» кандыдата Адама Мусюка. За яго ў асноўным прагаласавалі жыхары Беластока. Набраў віцэ-прэзідэнт горада 1808 галасоў; даволі многа ў Гайнаўцы – роўна 300, у Бельску амаль напалову менш, бо 161. Магчыма паўплывалі на гэта яго выказванні пра гайнаўскія шэсці ў памяць Бурага і спрэчкі з іншым кандыдатам – Адамам Андрушкевічам, які ў той жа Гайнаўцы набраў усяго 304 галасы, пры аж 53 632 галасах у маштабе ваяводства.
І яшчэ пра кандыдатку ад спіску Права і Справядлівасці, Люсю Німяровіч.
Набрала яна 1053 галасы, хаця балатавалася з добрага 8-га месца. У тых усіх гмінах і гарадах паўднёва-усходняй Беласточчыны кандыдаты ад ПіС набіралі больш за яе галасоў, ці гэта лідар спіску і міністр ва ўрадзе Яцак Сасін, ці раней згаданы таксама міністр Адам Андрушкевіч. У Мельніку за Люсю – 3 галасы, а за Сасіна 156. У Орлі за Люсю 13 галасоў а за Андрушкевіча – 32. Нават у гміне адкуль Люцыя Німяровіч, Нарва, усяго 8 галасоў. Толькі ў Беластоку ўдалося ёй набраць 427 галасоў. Крыху менш як Севярыну Пракапюку – 548 галасоў. У іншых гмінах падобна.
На завяршэнне кароткага аналізу апошніх парламенцкіх выбараў у Польшчы скажу, што добра, што кандыдаты беларуска-праваслаўнага асяроддзя балатаваліся з розных спіскаў.
Але дрэнна, што на адным спіску было па сама меней двух, ці нават трох кандыдатаў. Не было нечага накшталт каардынацыйнай выбарчай рады, якая бы выразна сказала: не, ты не балатуйся, бо там будзе нашым кандыдатам той і той. Каб не было так як цяпер, што галасуючы за… Колю Яноўскага, выбіраем Барбару Окулу (Трэцяя дарога), або галасуючы на Бароўскага дэпутатам стане… Яцак Нядзьведзкі (Грамадзянская Кааліцыя). Ну але вучымся. Шкада, што на сваіх памылках
Юрка Ляшчынскі