Выбух на чыгунцы пад Менскам. Чаму маўчыць улада?
Пашкоджаны ўчастак чыгункі пад Азярышчам, акурат там, дзе перыядычна адбываюцца разгрузачна-пагрузачныя аперацыі з вайсковай тэхнікай.
Інфармацыя сыходзіць з тэлеграм-каналу Антона Матолькі, а таксама пацвярджаецца рэсурсам «Сообщество железнодорожников Беларуси»: «Азярышча ёсць асноўнай станцыяй, на якой ладзіцца пагрузка вайсковай тэхнікі ў раёне Менску. Побач са станцыяй знаходзяцца 120-я і 127-я брыгады, а таксама 56-ы полк сувязі».
Калі зірнуць на мапу, Азярышча – гэта зусім побач ад Беларускай сталіцы.
Апроч самага факту выбуху і пашкоджання рэек пакуль больш нічога не вядома.
А цяпер прыгадаем кантэкст, у якім адбылося здарэнне. Зуісм нядаўна лукашэнкаўскі КГБ змайстраваў прапагандысцкі фільм, дзе гледачу прадэманстравалі беларускіх і ўкраінскіх як бы «дыверсантаў» на чыгунцы. Вось, маўляў, глядзіце – маргіналы, якія за капейкі гатовы прадаць Радзіму. Але ёсць слаўны КГБ, які стаіць на варце спакою мірных грамадзянаў.
У фільме прасоўвалася думка, што ў Беларусі няма ідэйнага падполля. Я тады заўважыў, што ж вы будзеце рабіць, калі адбудзецца новая сур’ёзная дыверсія? Новая, бо ўжо быў падрыў расейскага суперважнага вайсковага самалёту ў Мачулішчах, мястэчку недалёка Менску. Не гаворачы пра рэгулярныя дзеянні па прыпыненні руху цягнікоў яшчэ з другой паловы 2020 году. За што некаторыя партызаны атрымалі драконаўскія тэрміны зняволення.
І вось зноў дыверсія. КГБ маўчыць. Відаць, ідзе нарада, як што падаваць Лукашэнку і на публіку.
З аднаго боку маглі б залямантаваць, маўляў, глядзіце, вораг на нашай зямлі, трэба яшчэ больш жорстка пільнаваць сваю тэрыторыю. З іншага боку, колькі было прапаганды па тэме, што ўсё пад кантролем, у тым ліку чыгунка.
Інцыдэнт у Азярышчы – выразнае прывітанне Лукашэнку ды ягоным генералам: за вамі сочаць, па вас працуюць.
Таму маўчыць дзяржТВ, што пахваліцца няма чым. Адзін такі інцыдэнт перакрэслівае ўсе папярэднія высілкі, скіраваныя пераканаць Лукашэнку, што ўсё пад кантролем.
Відавочна, што спецслужбы працуюць хутчэй для паказухі, затрымліваючы раз-пораз аматараў, але ні разу – прафесіяналаў.
Дыверсія ў Азярышчы – гэта не дзесьці далёка ў лясным гушчары. Гэта побач з трыма вайсковымі часткамі, якія і ў мірны час пільна ахоўваліся.
А таксама дыверсія дэманструе, што лукашыстаў наперадзе яшчэ чакаюць разнастайныя сюрпрызы.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя