За тэрактам у Харкаве стаіць Расея (абноўлена)
Служба бяспекі Украіны затрымала 4 падазраваных у датычнасці да падрыхтоўкі і правядзення выбуху ў Харкаве напярэдадні. Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка СБУ Маркіян Лубкіўскі.
Паводле яго, 22 лютага ў Харкаве гатаваўся яшчэ шэраг тэрактаў, якія ўдалося прадухіліць. За тэрактамі можа стаяць тэрарыстычная арганізацыя “Харкаўскія партызаны”.
Маркіян Лубкіўскі таксама паведаміў, што затрыманыя атрымлівалі інструкцыі і зброю ў Белгарадзе, на тэрыторыі Расеі. Як адзначае харкаўскі актывіст Еўрамайдана Сяргей Кузан, затрыманыя асобы маглі быць выканаўцамі, але важна, каб былі затрыманыя і арганізатары тэрактаў.
– У Харкаве дзейнічае такая падпольная сіла, заканспіраваная агентура, каб дэстабілізаваць сітуацыю ў горадзе. Яна аднаўляецца, папаўняецца. Харкаў – памежная тэрыторыя з Расеяй. І якраз выявіць гэтую агентуру – найбольшая праблема.
Напярэдадні ў Харкаве ў час маршу памяці ахвяраў прагрымеў выбух. У выніку загінула 2 чалавекі, актывіст Еўрамайдана і міліцыянт, а таксама параненыя 8 чалавек, з якіх 4 ахоўнікі правапарадку. У Харкаўскай вобласці абвешчаная жалоба.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Харкаве распачата правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі. Пра гэта заявіў сакратар Рады Нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў. «У сувязі з тэрактам, які адбыўся ў Харкаве… у горадзе ўведзены найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы…», — сказаў Турчынаў. Паводле яго, у час мірнага шэсця, прысвечанага памяці загінулых на Майдане, было выкарыстана выбуховае прыстасаванне накіраванага дзеяння.
Турчынаў паведаміў, што ўжо затрыманыя чатыры ўдзельнікі падрыву і канфіскаваная зброя, уключаючы гранатамёт. Паводле інфармацыі Рады бяспекі Ўкраіны, група, што ажыццявіла тэракт, праходзіла навучанне ў расейскім Белгарадзе.
* * *
Загінулі тры чалавекі, 10 – параненыя ў выніку выбуху, які прагучаў у Харкаве ў час “Маршу годнасці”. Выбух адбыўся ў той момант, калі фарміравалася калона, каб ісці ад Палацу спорту да Плошчы свабоды. Менавіта там плануецца правяденне грамадзянскай паніхіды па вайскоўцах, якія загінулі ў баях на ўсходзе Украіны.
[youtube id=”zjoQ4gSlFw4″]
* * *
22 лютага мінае год з таго часу, як Вярхоўная Рада Украіны падтрымала пастанову пра адхіленне Віктара Януковіча ад пасады прэзідэнта краіны.
Вялікі „Марш годнасці” праходзіць у Кіеве з удзелам прэзідэнтаў Нямеччыны, Польшчы, Літвы ды іншых краін.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Вікторыі Пятрухінай / Facebook і REUTERS