Выбухі на вайсковым палігоне ў Расеі



На палігоне пад Северадзвінскам у Архангельскай вобласці Расеі адбыўся выбух падчас выпрабавання вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі, – паведаміла Міністэрства абароны 8 жніўня.

Шэсць пацярпелых падчас выбуху і пажару атрымалі сур’ёзныя дозы радыяцыі і дастаўленыя ў Маскву самалётамі санітарнай авіяцыі, – сцвярджае Telegram-канал Baza, не называючы крыніцу інфармацыі. Паводле яго звестак, усю вопратку пацярпелых спалілі адразу пасля шпіталізацыі. Аналагічна зрабілі і з касцюмамі хімічнай абароны і адзеннем лекараў, якія першымі аказвалі дапамогу параненым. Улады Северадзвінска, паблізу якога адбылося надзвычайнае здарэнне, паведамлялі пра трохразовае перавышэнне радыяцыйнага фону на працягу паўгадзіны пасля выбуху.  

 Мясцовы рэсурс 29.ru паведаміў, што ў Архангельску і Северадзвінску з прылаўкаў аптэк знік ёд. Раней стала вядома, што ў вайсковай частцы паселішча Нёнакса ў Архангельскай вобласці адбыўся пажар, відавочцы кажуць пра выбухі. У гэтым раёне размешчаны дзяржаўны марскі выпрабавальны палігон ВМФ Расеі.

Фота popmech.ru