Выклікае шкадаванне ўсё больш адкрытае грэбаванне вяршэнствам закона ў Беларусі



Еўрапейскі звяз шкадуе з-за ўсё больш адкрытага пагарджання вяршэнствам закона ў Беларусі, у прыватнасці эскалацыі гвалту і прымусовага выгнання з краіны членаў Каардынацыйнай рады, заявіў высокі прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

«Усе члены прэзідыума Каардынацыйнай рады, акрамя лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, арыштаваныя або вымушаныя пакінуць краіну. У знак салідарнасці з Алексіевіч з ёй перыядычна застаюцца дыпламаты ЕЗ. Незаконна затрыманыя Максім Знак, Марыя Калеснікава, Сяргей Дылеўскі, Лілія Уласава. Раней Павел Латушка і Вольга Кавалькова былі вымушаныя пакінуць краіну», – адзначыў Барэль, тэкст заявы якога апублікаваны на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

«Грамадзянская супольнасць і тыя, хто ўдзельнічаюць у дыскусіях пра будучыню Беларусі, у тым ліку члены Каардынацыйнай рады, павінны быць абароненыя ад запалохвання, прымусовага выгнання, адвольных арыштаў і гвалту. Таму ЕЗ заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых асоб, уключаючы палітычных зняволеных, і забяспечыць, каб такія незаконныя дзеянні не паўтараліся», – падкрэсліў кіраўнік дыпламатыі ЕЗ.

Высокі прадстаўнік Еўразвязу зноў заявіў, што Беларусі неабходны ўсебаковы нацыянальны дыялог з шырокім удзелам усяго грамадства для мірнага ўрэгулявання крызісу і пазітыўнага адказу на патрабаванне беларускага народа аб правядзенні новых дэмакратычных выбараў.

«Пераслед, гвалт і прымусовае выгнанне членаў Каардынацыйнай рады і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці супярэчаць гэтай мэце. Уражальная прыхільнасць беларускага народа да дэмакратычнай будучыні і настойлівы заклік да паважання яго асноўных правоў заслугоўваюць іншага адказу», – мяркуе Барэль.

«Еўразвяз пацвярджае сваю рашучасць увесці санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за гвалт, задушэнне мірных пратэстаў і фальсіфікацыю вынікаў выбараў, і гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя меры па меры неабходнасці», – падсумаваў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі.

БелаПАН