«Выклятыя жаўнеры» ушанаваныя на найвышэйшым роўні



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўшанаваў памяць пра «выклятых жаўнераў» адкрыццём шыльды на калонах Магілы невядомага жаўнера ў Варшаве. Ініцыятыва была агучана ў сакавіку польскай «Фундацыяй Незалежнасці». Прэзідэнт Анджэй Дуда асабліва падкрэсліў, што ганарыцца хуткай рэалізацыяй ідэі. Тым часам ёсць як тыя, хто горача вітаў гэтую ідэю, так і тыя, хто звяртае ўвагу, што не ўсе «выклятыя жаўнеры» былі героямі.

DSCF5072

Выступ прэзідэнта Анджэя Дуды перад адкрыццём шыльды ў гонар выклятых жаўнераў

Анджэй Дуда:

— Я адчуваю гонар і шчасце, што мы выконваем абавязак, дзякуючы якому Польшча ў вялікай ступені вяртае гонар сваім жаўнерам. Мы адкрываем шыльду, якая ўвекавечвае ўдзельнікаў таго антыкамуністычнага паўстання: «выклятых жаўнераў», іх гераізм у змаганні за незалежнасць Польшчы.

Радаслаў Баруцкі:

— Гэтае свята, а ў прынцыпе 2 святы, а нават 3: Унебаўзяцце Дзевы Марыі як касцёльнае свята, нацыянальнае свята — гадавіна Варшаўскай бітвы, ну і свята, якога чакаюць дзясяткі тысяч палякаў, —  ушанаванне «выклятых жаўнераў». Гэта напамін пра значэнне незалежнасці і змагання за незалежнасць для ўсяго народу. І менавіта так я гэта ўспрымаю.

Анатоль Міхнавец, «Беларуская нацыянальная памяць»:

— Калі цяпер казаць пра «выклятых жаўнераў», дык для Польшчы гэта героі, якія змагаліся супраць камунізму, супраць савецкай улады, якую прынёс СССР, а для Беларусі гэта складаная з’ява, бо яны змагаліся адначасова і з беларусамі, якіх лічылі камуністамі ці проста непалякамі, і што Польшча павінна быць монаэтнічнай дзяржавай. Тут трэба разбірацца па канкрэтных людзях, бо ёсць выпадкі таго ж Бурага, які паліў беларускія вёскі на Падляшшы, але ёсць і іншыя людзі, якія змагаліся толькі з савецкімі войскамі ці з органамі бяспекі. Гэта героі. А тыя, хто паліў беларускія вёскі — не героі. Таму тут нельга агулам казаць, што гэта добра ці дрэнна. На мой погляд натуральна, што кожная краіна праводзіць сваю палітыку і ў тым ліку палітыку нацыянальнай памяці. Тут павінны спачатку займацца гісторыкі, павіны быць дакладныя даследаванні, адкрытыя архівы, каб не было белых плямаў. Я думаю нескладана даведацца, якія аддзелы займаліся этнічнымі чысткамі, што яны зрабілі, каго забілі. З усіх бакоў. Усё гэта можна даследаваць, было б толькі жаданне. Калі агульнымі штампамі мераць кагосьці ці штампаваць, мяркую, гэта нічога не зменіць і ўсё будзе працягвацца.

РР: Калі адбываецца такое свята ў Польшчы і ўшанаванне «выклятых жаўнераў», то Беларусі трэба вітаць, пратэставаць ці ігнараваць? На Вашу думку, якая тут найлепшая рэакцыя?

Калі мы кажам пра сённяшнюю ўладу, дык яе не цікавяць ні «выклятыя жаўнеры», ні стан беларускай дыяспары на Падляшшы ці дзесьці яшчэ. Ніхто не будзе гэтага пытання падымаць. Калі будзе незалежная беларуская дзяржава, то калі на памятных табліцах будуць імёны Бурага ці кагосьці іншага, хто займаўся тэрорам супраць беларусаў, дык я думаю незалежная беларуская дзяржава гэтага вітаць не будзе. Могуць быць нейкія звароты, гэтыя імёны могуць быць скрэслены з гэтых памятных табліц. Усё гэта можна высветліць, апублікаваць і знайсці нейкую лінію, прымальную для ўсіх. Ніхто не будзе забараняць палякам шанаваць тых герояў, якія змагаліся з камуністамі, змагаліся за адраджэнне Польшчы. Польшча — наша суседка, якая жыла сваёй дзяржавай і сваім ладам. Гэта іх права і трэба гэта шанаваць.

DSCF5145

Новая шыльда на калонах магілы невядомага жаўнера

Памяць удзельнікаў антыкамуністычнага пасляваеннага падполля ў Польшчы штогод адзначаецца 1 сакавіка. Некаторыя асяроддзі ў Польшчы ўключаюць у «Пантэон выклятых жаўнераў» таксама атрад Рамуальда Райса псеўданім „Буры”. Пацыфікацыю беларускіх вёсак і забойства вазакоў польскі Інстытут нацыянальнай памяці прызнаў злачынствам з прыкметамі генацыду ў адносінах да беларускага насельніцтва Падляшша.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя