Выступленне кандыдата ад АГП не пусцілі ў тэлеэфір
Відэавыступ кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых не пусцілі ў эфір.
Паводле апазіцыйнага палітыка, кіраўніцтва дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Беларусь-3” пайшло на цэнзуру праз страх перад асноўнымі тэзісамі зварота. Уладзімір Няпомняшчых у сваім тэлевыступе гаварыў, што першым пунктам у ягонай праграме – імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку. Акрамя гэтага, ён дэклараваў неабходнасць перагляду заробкаў у дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія, на думку Уладзіміра Няпомняшчых, не павінны атрымліваць больш за мінімальны заробак па краіне.
– Бязладдзе, хоць па вялікім рахунку, дзякуй ім. Такога піяру, па праўдзе кажучы, я не чакаў. Ну паказалі б яны мяне пяць хвілін па тэлевізары. Паглядзелі б, сусед суседу б сказаў. Гомель 500-тысячны, няхай паглядзелі б яго 250 тысяч. Яны праз пяць хвілін забыліся б. А зараз інтэрнэт гудзе і ўвесь свет гудзе.
Уладзімір Няпомняшчых намераны і далей працягваць удзел у выбарчай кампаніі, якая дазваляе яму праводзіць агітацыю супраць улады. У бліжэйшы час ён абскардзіць факт цэнзуры у акруговай і абласной выбарчых камісіях.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота svaboda.org