Выведка Літвы ацаніла шанцы беларускай апазіцыі на выбарах



Беларуская апазіцыя зараз не здольная кінуць сур`ёзны выклік праўладным кандыдатам на выбарах. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе „Ацэнка пагроз нацыянальнай бяспецы” за 2019 год, падрыхтаваным Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) і другім следчым упраўленнем пры Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы. Дакумент апублікаваны на  сайце  ДДБ.

Гэтая сітуацыя склалася ў выніку „сталай палітыкі пераследу і кантролю палітычнай апазіцыі, а таксама адсутнасці адзінства сярод палітычных арганізацый, крытычна настроеных да рэжыму”.

„Як і чакалася, парламенцкія выбары ў Беларусі ў лістападзе 2019 года — рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м — не адпавядалі дэмакратычным стандартам, — адзначаюць аўтары даклада. — З самага пачатку выбарчай кампаніі апазіцыйныя партыі сутыкаліся з нявыгаднымі і дыскрымінацыйнымі ўмовамі; вылучэнцы ад апазіцыі не былі дапушчаныя ў склад выбарчых камісій”.

„У адрозненне ад папярэдніх [парламенцкіх] выбараў, прадстаўнікоў апазіцыі не прапусцілі ў парламент краіны. Рэальныя дэмакратычныя змены застаюцца пагрозай для кіравання Лукашэнкі, акрамя таго, сталы аўтарытарны прынцып кіраўніцтва прэзідэнта не толькі дэ-факта знішчыў грамадзянскую супольнасць і зрабіў іншыя органы ўлады неэфектыўнымі, але і зменшыў важнасць палітыкі ў цэлым. Успрыманне палітыкі ў Беларусі зводзіцца да руціннага кіравання эканамічнымі справамі”, — лічаць у літоўскай разведцы.

У пагоні за ўладай без дэмакратычных змен у краіне „беларускі рэжым паступова стаў закладнікам уласнай палітыкі”.

„Нягледзячы на тое што прэзідэнт пазіцыянуе сябе як абаронцу беларускага суверэнітэту, яго сталая аўтарытарная палітыка і зацягванне неабходных структурных рэформаў аслабілі Беларусь і знізілі яе здольнасць супрацьстаяць росту націску з боку Масквы”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

belapan.by