Вызначаны парадак вылучэння кандыдатаў на кангрэс дэмсілаў (абноўлена)
Аргкамітэт па падрыхтоўцы Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі вызначыў часовы парадак вылучэння кандыдатаў на гэта мерапрыемства.
Па словах паэта і палітыка, сябра аргкамітэта Уладзіміра Някляева, такім чынам, пачалася рэальная праца па падрыхтоўцы кангрэса.
„Больш двух месяцаў мы займаліся перамовамі з дэмакратычнымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі пра іх удзел у Кангрэсе. Гэтыя перамовы, на жаль, нічога не далі. Былі толькі спрыяльныя словы, а не рэальная праца. Больш цягнуць не выпадае”, – сказаў Уладзімір Някляеў:
– Мы пачынаем рыхтаваць кангрэс. Для таго, каб ён рэальна пачаў рыхтавацца, патрэбныя дзве ўмовы. Першае – гэта парадак вылучэння дэлегатаў на кангрэс, каб мы маглі ўжо ездзіць з гэтым парадкам па рэгіёнах і праводзіць сходы, і час. Першую мы зрабілі – вызначылі парадак вылучэння дэлегатаў. Праўда мы назвалі яго часовым, мы пакідаем магчымасць палітычным партыям ды іншым арганізацыям, якія яшчэ не вызначыліся, вызначыцца і далучыцца да кангрэса.
Калі ў іх будуць нейкія іншыя прапановы па парадку вылучэння дэлегатаў, мы гатовы іх разгледзець і пайсці насустрач, – падкрэсліў Уладзімір Някляеў.
Асноўны спосаб, распрацаваны аргкамітэтам Кангрэса, прадугледжвае вылучэнне дэлегатаў на сходах. 10 чалавек, прысутных на сходзе, могуць вылучыць алнаго дэлегата. Дадатковы спосаб вылучэння – збор подпісаў за таго ці іншага дэлегата. Таксама патрэбна сабраць 10 подпісаў, – распавёў Уладзімір Някляеў.
Па словах старшыні Прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці, сябра аргкамітэта кангрэса Генадзя Фядыніча, вызначэнне парадаку вылучэння кандыдатаў, магчыма, падштурхне кіраўніцтва партый і арганізацый, якія не вызначыліся адносна працы па падрыхтоўцы кангрэса, хутчэй зрабіць выбар. Таму што шэраговыя іх сябры, асабліва з рэгіёнаў, даўно чакаюць, што апазіцыя скажа сваё слова аб сітуацыі ў краіне, прычынах крызісу і шляхах выхаду з яго:
– Ім трэба простай мовай данесці, што хоча кангрэс зрабіць ва ўнутранай і знешняй палітыцы, у эканоміцы, у культуры, у пенсійнай рэформе. Гэты даступныя рэчы павінен зрабіць кангрэс і данесці людзям. Яшчэ прапанвалася ўсім партыям, хто будзе высоўваць сваіх кандыдатаў у Палатку, закрыць усе акругі і з гэтым рашэннем ісці да людзей.
Генадзь Фядыніч падкрэсліў, што гэтыя пералічаныя задачы і з’яўляюцца галоўнымі. І вельмі важна спалучыць для іх вырашэння досвед як мага большай колькасці прыхільнікаў дэмакратычнага развіцця краіны. А занепакоенасць кіраўніцтва некаторых партый і арганізацый, што на кангрэсе можа быць вылучаны нейкі лідар апазіцыі, беспадстаўныя. Гэтага не будзе, запэўніў Генадзь Фядыніч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск