Washington Post: Лукашэнка не перамагае, ён у адчаі



Запалохванне і рэпрэсіі не спынілі беларускую апазіцыю, таму беларускі аўтакрат ідзе на адчайныя крокі.

Выкраданне апазіцыйнага журналіста прама з самалёта над Беларуссю было жорсткім і простым пасланнем для палітычных апанентаў Лукашэнкі: «Мы дастанем вас дзе заўгодна», піша Washington Post.

Атрымліваецца, «дрэнныя хлопцы» перамагаюць у Беларусі? Часам так можа здавацца. Але з прымусовага прызямлення рэйса Ryanair у Мінску і заключэння Рамана Пратасевіча можна вынесці іншы ўрок. Нават нягледзячы на такое абуральнае запалохванне, сцяна страху бурыцца ў Беларусі. І «дрэнныя хлопцы» ў адчаі. Апазіцыя нікуды не падзелася. А пасля грубай атакі ў нядзелю яна можа толькі павялічыцца.

Еўразвяз адрэагаваў жорсткімі санкцыямі праз дзень пасля прымусовага прызямлення самалёта Ryanair, даўшы пачатак працэсу, які заблакуе паветраныя пералёты паміж ЕЗ і Беларуссю наогул. Ізаляцыя беларускага дыктатара ўзмацняецца. Ходзяць чуткі, што нават Уладзіміру Пуціну ён не падабаецца.

Доўгачасовыя пратэсты ў Беларусі не прыцягваюць увагу, але яны натхняюць. Блогер Сяргей Ціханоўскі у мінулым годзе абвясціў аб намеры кінуць выклік Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах ў мінулым жніўні. Калі яго арыштавалі праз два дні пасля таго, яго жонка Святлана замяніла яго і вылучыла сваю кандыдатуру. Ціханоўская правяла яркую перадвыбарчую кампанію і сцвярджае, што перамагла, набраўшы 60-70% галасоў. Лукашэнка ж настойвае, што за яго прагаласавалі 80% беларусаў.

Пасля гэтага пачаліся маштабныя пратэсты. Дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі, патрабуючы «спыніць таракана». Лукашэнка арыштаваў прыкладна 35 тысяч чалавек. Пратэсты працягнуліся, але больш асцярожна. За дэманстрацыю нацыянальных колераў на вуліцы пачалі адразу ж арыштоўваць. Таму беларусы пачалі вывешваць бялізну, прытрымліваючыся бел-чырвона-белага шаблону. Ці ж насіць шкарпэткі такога колеру.

Журналіста Ігара Лосіка арыштавалі ў чэрвені 2020 года. Але Пратасевіч працягнуў весці блог у дадатку Telegram. Агенты КДБ збівалі і арыштоўвалі людзей. Але маладыя журналісты і іх прыхільнікі працягвалі дзяліцца праўдай.

Менавіта гэта і прывяло да жудаснай дыверсіі на борце самалёта Ryanair з мэтай арыштаваць Пратасевіча. Аўтакратычныя кіраўнікі ўжо не бачаць іншага спосабу. Выданне параўноўвае гісторыю Пратасевіча з забойствам журналіста Джамала Хашогі ў Саудаўскай Аравіі.

«Хто здаецца адчайным і напалоханым у гэтых нападах? Гэта бандыты, якія не могуць спыніць нязгодных іншым спосабам, акрамя як выкрасці іх», — гаворыцца ў артыкуле.

Пратасевіч сеў на рэйс з Афін у Вільню не для таго, каб стаць пакутнікам. Ён — журналіст, які жыве ў выгнанні, падарожнічаючы з аднаго горада ЕЗ у іншы. Але ён працягваў выконваць сваю працу, нягледзячы на хвалю арыштаў дома.

Рэакцыя Расеі на згон самалёта Ryanair была цынічнай, але важнай.

«Шакіруе тое, што Захад называе інцыдэнт у беларускай паветранай прасторы “шакавальным”», — напісала прэс-сакратар МЗС РФ Марыя Захарава на сваёй старонцы ў Facebook.

Яна паказала на прымусовае прызямленне балівійскага самалёта ў Аўстрыі ў 2013 годзе, на борце якога быў Эдвард Сноўдэн, які выкрыў таямніцы Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША. Цікава, што Захарава абрала менавіта гэты прыклад. Яна магла б нагадаць аб іншых выпадках, калі амерыканскі ўрад спрабаваў прымусіць грамадзянскія самалёты прызямліцца з-за падазрэнняў, што на борце былі тэрарысты.

У свеце ідзе бітва паміж аўтакратычнымі лідарамі і маладымі актывістамі, якія хочуць права выказвацца свабодна. Гэта адбываецца ў Расеі, Кітаі, Турцыі, Саудаўскай Аравіі, Егіпце, а таксама ў шэрагу іншых краін, уключаючы Беларусь. Адміністрацыя Байдэна разглядае гэта як бітву за захаванне сусветнага парадку на аснове правілаў.

Але калі ЗША хочуць узначаліць гэтую барацьбу, яны не могуць быць крывадушнымі. Бо нават дрэнныя рэчы, якія здзяйсняюць амерыканцы, капіруюць іншыя народы з меншай скрупулёзнасцю. Амерыка вядзе вайну супраць «Аль-Каіды» з дапамогай беспілотнікаў. Азербайджан паўтарае гэта ў бітве з армянамі ў Нагорным Карабаху. Амерыканцы дапытваюць падазраваных у тэрарызме. Саудаўская Аравія і Беларусь выкрадаюць або забіваюць журналістаў, не згодных з уладай.

Прэзідэнт Байдэн хоча змагацца з дыктатарамі без пачатку новай Халоднай вайны. Ён закладзе аснову для гэтага, калі сустрэнецца з Пуціным 16 чэрвеня ў Жэневе. Выданне раіць Байдэну надзець бел-чырвона-белыя шкарпэткі на гэтую сустрэчу, каб нагадаць, на чыім ён баку.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ