Аляксей Янукевіч пераабраны старшынём партыі БНФ (абноўлена)



Агучаныя вынікі падліку галасоў па абранні старшыні Партыі БНФ. У скрыні для галасавання – 133 бюллетэні. За Аляксея Янукевіча – 113 галасоў. За Васіля Раманава – 18 галасоў. Несапраўдныя – 2 бюллетэні. Не прынялі ўдзелу ў галасаваньні – 23 дэлегаты з’езду. Такім чынам, старшынём Партыі БНФ абраны Аляксей Янукевіч.

Выступаючы перад дэлегатамі, Янукевіч адзначыў, што „не абяцае рэзкіх прарываў і вялікіх вынікаў». «Разумеем, што сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая і не садзейнічае дзейнасці палітычных партый. Будзе шмат працы, часта складанай і няўдзячнай », – сказаў ён. Янукевіч адзначыў, што ў сваёй дзейнасці будзе рабіць акцэнт на „больш грунтоўнай працы па прапанове каштоўнаснай альтэрнатывы», а таксама будзе больш ездзіць па рэгіёнах.

Васіль Раманаў, які сам вылучыў сваю кандыдатуру, перад галасаваннем адзначаў, што ў яго няма пакуль распрацаванай праграмы дзейнасці на пасадзе старшыні партыі.

* * *

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч, які атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, адноўлены ў статусе чальца Партыі БНФ. Адпаведнае рашэнне прынялі сёння дэлегаты з’езду арганізацыі, які праходзіць у Менску.

Міхалевіч звярнуўся з просьбай аднавіць яго ў партыі ў спецыяльным лісце да дэлегатаў з’езда. Ён адзначыў, што не можа зараз вярнуцца ў Беларусь з-за пераследу спецслужбаў, але гатовы падтрымліваць партыю і плаціць членскія ўзносы.

Міхалевіч быў выключаны з Партыі БНФ ў 2008 годзе рашэннем сойму, з’яўляючыся на той момант намеснікам старшыні арганізацыі.

* * *

У  Менску праходзіць справаздачна-выбарны З’езд Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання «БНФ Адраджэньне».  Звыш двухсот дэлегатаў выбяруць новае кіраўніцтва і вызначацца са сваім стаўленнем да прэзідэнцкіх выбраў 2015 года.

На пасаду старшыні партыі БНФ вылучаецца пакуль толькі Аляксей Янукевіч. Раней З’езд Партыі БНФ планавалася правесці 13 верасня, аднак у апошні момант сябрам партыі адмовілі ў выдзяленні памяшкання.

Беларускае Радыё Рацыя