Як абараніць свае галасы, калі ўся дзяржаўная машына супраць?
Да выбараў прэзідэнта засталося трошкі больш за 10 дзён. Пакуль Святлана Ціханоўская разам з аб’яднаным штабам з трыумфам аб’язджае гарады Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з вайскоўцамі і міліцыянтамі. Цэнтрвыбаркам не пускае на ўчасткі незалежных назіральнікаў, а ў дзяржаўных СМІ праводзіцца шалёная прапагандысцкая кампанія супраць альтэрнатывы дзейнаму кіраўніку.
Гомельскі палітык Уладзімір Кацора, які нядаўна з песімізмам ставіўся да выбарчай кампаніі, гаворыць, што ў беларускага народа з’явіўся шанец на перамены. Як абараніць свае галасы, калі ўся дзяржаўная машына супраць? Пра гэта Уладзімір Кацора распавядае ў эфіры нашага радыё.
РР: Як вы ацэньваеце сітуацыю, калі трыумвірат едзе з трыумфам? Думаю, што для ўладаў гэта вялікае выпрабаванне і выклік.
Уладзімір Кацора: Канешне, не толькі апазіцыя не чакала такога. На жаль, паразумення пакуль няма. Але ўлада найперш не чакала, што Ціханоўская праявіць сябе як лідар. З’яўляецца нейкая надзея. І можа спрацаваць тая стратэгія, якую яны прапануюць. А стратэгія ў тым, каб не чапаць Лукашэнку, каб выбарцы пайшлі і проста прагаласавалі. Каб было бачна, што іх багата. Канешне, улада не прызнае гэты вынік. Пытанне застаецца: «А што далей? Як адстаяць перамогу?»
РР: Вы гаворыце, што стратэгія заключаецца ў тым, каб не чапаць Лукашэнку. Але Лукашэнка аб’язджае вайсковыя часткі зараз. І прычым гэта сілавыя ўдарныя падраздзяленні. Не факт, што гэта ўсё будзе задзейнічана, але мэсідж абсалютна празрысты ўсяму грамадству і ў тым ліку і трыумвірату.
Уладзімір Кацора: Гэта якраз і сведчыць пра тое, што Лукашэнка не тое каб надта спужаўся, але ён вельмі перажывае. Тым больш, што жанчыны яму пальчатку кінулі. І гэта, канешне, нечакана і для ўлады, і для ўсіх астатніх. Падтрымка людзей ёсць, але як гэта ўсё канвертаваць у тое, каб Лукашэнка сышоў, пакуль адказу няма. Улада, Ярмошына зрабілі чарговы крок, каб не дапусціць таго, што людзі пабачаць, што яны перамаглі. Гэта маглі быць участкі і назіральнікі. Можа і не было б, як заяўляў адзіны штаб, 100 тысяч назіральнікаў, але іх было б багата. Што далей рабіць, калі іх не будзе на ўчастках? А іх ужо не будзе. Мы заклікалі ў 2006 годзе, абласны штаб адзінага кандыдата Мілінкевіча, каб людзі пайшлі на выбарчыя ўчасткі. Каб пайшлі напрыканцы дня галасаваць і заставаліся каля ўчасткаў. Зараз гэта, на мой погляд, тым больш актуальна. Бо назіральнікаў не пусцяць на ўчасткі. І вось, калі выбарцы прыйдуць, яны, па-першае, павінны ўдакладніць, ці не прагаласавалі яны. Можа, камісія ўжо кінула за іх бюлетэні і подпіс паставіла. Гэта будзе стрымліваць камісіі цэлы дзень. І потым, калі яны прагаласуюць, яны застануцца каля ўчастка, каб чакаць вынікаў, якія аб’явіць участковая камісія.
РР: У 2006 годзе гэтая прапанова не знайшла водгукаў у насельніцтва?
Уладзімір Кацора: На жаль, не знайшла. Было багата іншых прапановаў. Напрыклад, узяць частку бюлетэня ці бюлетэнь знесці. Нам прыносілі дзясяткі бюлетэняў, але не сотні ці тысячы. Прапанова адзінага штаба – гэта сфатаграфаваць бюлетэнь з пашпартам, вывесіць яго на створаны сайт. Гэта, канешне, крок, гэта нейкая візуалізацыя, што нас багата, але гэта не пераможная стратэгія.
Уладзімір Кацора – ветэран апазіцыйнага руху, колішні сябра дэмакратычнага гарсавета Гомеля, які асудзіў спробу путча ГКЧП, а таксама выступіў супраць узурпацыі ўлады з боку Аляксандра Лукашэнкі. У межах выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча ў Гомелі ў 2006 годзе прайшоў масавы мітынг, на якім прысутнічала больш за 3 тысячы чалавек. Арганізатарам мітынгу быў таксама Уладзімір Кацора.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель