Як беларуская студэнтка каардынуе бунт дальнабойшчыкаў у Маскве



Уяўляеце, каб у Беларусі звычайныя людзі тыднямі падтрымлівалі пратэст звычайных работнікаў, насілі ім ежу і грошы? KYKY пагаварыў з Таісіяй Нікіценка — студэнткай-журналісткай з Віцебска, якая стала прэс-сакратаром лагера пратэсту дальнабойшчыкаў у падмаскоўных Хімках. Гісторыя з першых вуснаў: чаму Тася абрала для сябе гэты шлях і чым жыве лагер фур і іх кіроўцаў?

Гісторыя далучэння Таісіі Нікіценка да пратэстаў расейскіх дальнабойшчыкаў простая, і Тася не бачыць у ёй ніякага гераізму. Пачалося ўсё з бутэрбродаў. «Я пабачыла ў твітары, што дальнабойшчыкаў гоняць па Ленінградцы, што хлопцы хочуць паесці і выпіць гарбаты. Я прывезла ім бутэрброды, і так з імі і засталася», — распавяла Тася ў эфіры расейскага тэлеканала «Дождь». У гутарцы са мной дадае: «Я вельмі хацела дапамагчы, бо мне зразумелая ідэя, за якую яны зараз страйкуюць».

default_12141687_1083266811695313_8825997630771719696_n

Тася Нікіценка на пікеце ў Маскве, фота з Facebook

Таісія Нікіценка родам з Віцебска, у Маскву пераехала, каб вучыцца ў маскоўскім Інстытуце журналістыкі і літаратурнай творчасці. Зараз Тася на другім курсе. Калі яна прыехала ў Хімкі, аказалася, што кіроўцам тут патрэбныя не толькі і не столькі бутэрброды — ім патрэбныя людзі. Па-першае, каб прывозіць ежу, медыкаменты і паліва — дальнабойшчыкі праводзяць на стаянцы круглыя суткі, спяць у сваіх машынах, і паліва ім трэба, каб грэць кабіны. Па-другое, каб распавядаць пра падзеі ў СМІ. Дзяржаўныя СМІ «зліваюць» пратэст, пішуць пра яго грэбліва, ды і проста імкнуцца як мага радзей пра яго згадваць. У незалежных журналістаў інфармацыі мала, ды і тая змяшалася ў кучу. Розныя палітычныя сілы спрабуюць «прысвоіць» пратэсты, а лідарства ў акцыях ўжо спрабавалі прыпісаць сабе розныя людзі, якіх дальнабойшчыкі і ў вочы ніколі не бачылі.

Інтэрнэт на стаянцы ў Хімках, па словах Тасі, глушаць, стабільнай сувязі няма — уся інфармацыя збіраецца па кавалачках, усе камунікацыі праходзяць не без праблем.

Калі дзяўчына зразумела, што можа дапамагчы чымсьці большым, чым бутэрбродамі, то без роздумаў узялася за справу: вырашыла застацца ў лагеры ў Хімках і дапамагчы скаардынаваць яго дзеянні. Пропускі заняткаў, па яе словах, ва ўніверсітэце прымаюць адэкватна — бо тут яна працуе па сваёй прамой спецыяльнасці.

Што адбываецца і супраць чаго бунтуюць?

Коратка ўвядзём у курс справы тых, хто не чуў пра пратэсты расейскіх дальнабойшчыкаў (або чуў толькі краем вуха). 15 лістапада ў Расеі быў запушчаны «Платон» — сістэма спагнання аплаты за праезд велікагрузных аўтамабіляў (максімальнай масай больш за 12 тон) па федэральных трасах РФ. Назва — скарачэнне ад «плаці за тоны». Па правілах сістэмы, перавозчык павінен зарэгістравацца на сайце «Платона» і перад рэйсам папаўняць кашалёк у сваім акаўнце на суму, патрэбную для аплаты запланаванага маршруту. Кошт аднаго кіламетра дарогі — 3,73 расейскага рубля (ці прыблізна $1 за кожныя 18,5 кіламетра). За неаплату праезду прадугледжаны штрафы: 5000 рублёў для вадзіцеляў, 40 тысяч — для індывідуальных прадпрымальнікаў і службовых асоб, адказных за грузавік, 450 тысяч — для юрыдычных асоб. Штрафы за другое парушэнне — да 1 мільёна расейскіх рублёў.

default_35b39d75036c15df77bf334684d8b327

Фота: avto.kazanfirst.ru

Новы дарожны збор стаў трэцім лагістычным падаткам у Расеі — там ужо дзейнічаюць транспартны падатак і акцыз на дызельнае паліва. Нядзіўна, што пратэсты пачаліся яшчэ да пуску «Платона». 10 лістапада ўрад Расеі пайшоў на саступкі: знізіў кошт на праезд да вясны 2016 да 1,53 руб/км, а да канца 2018 года — да 3,06 рубля. Але гэта не стала рашэннем праблемы, і 11 лістапада дальнабойшчыкі пачалі першыя акцыі пратэсту. Праз тыдзень акцыі ахапілі ўжо 24 рэгіёны Расеі. 25 лістапада кіроўцы з усёй Расеі заявілі, што маюць намер рушыць маршам на Маскву. Праз два дні ў Маскву ўехала 200 дагестанскіх фур, а 4 лістапада фурам удалося часткова перакрыць МКАД, аднак у цэлым «паход на Маскву» быў сарваны.

Дзярждума РФ на пратэсты адрэагавала: дэпутаты пагадзіліся знізіць штрафы за неаплату амаль у 100 разоў (5000 за першае парушэнне, 10 — за паўторнае), а віцэ-прэм’ер РФ Дварковіч паабяцаў, што сістэма пачне працаваць не толькі па перад-, але і па постаплаце. Мядзведзеў, аднак, сцвярджае, што ўвод «Платона» — правільнае рашэнне, а Пуцін і зусім маўчыць пра праблему. Пратэсты працягваюцца: кіроўцы фураў не ідуць на кампрамісы, іх задаволіць толькі поўная адмена «Платона». Пад Масквой дальнабойшчыкі разбілі два лагеры: адзін — на паўднёвым усходзе, на Кашырскай шашы, другі — на паўночным захадзе, у Хімках, дзе наша гераіня, студэнтка Тася Нікіценка, і стала прэс-сакратаром.

Як дальнабойшчыкі прынялі студэнтку Тасю

Уявіце сітуацыю самі: далікатная 19-гадовая студэнтка каардынуе дзеянні кіроўцаў 12-тонных фур. Пытаюся ў Таісіі, ці не крыўдзяць яе суровыя мужыкі, ці ўспрымаюць сур’ёзна: «Праблем, цьфу-цьфу, няма. Аберагаюць мяне і кормяць. Хтосьці нават не зусім разумее, чым я займаюся, а хтосьці лічыць, што я вялікая малайчына. І мужыкі зусім не суровыя: добрыя, сумленныя і ганарлівыя. Я іх усіх трошкі люблю».

Тася ўзяла на сябе шмат абавязкаў: «Я трымаю кантакт з прэсай і праваабаронцамі, манітору бытавыя патрэбы, сачу за парадкам». Усе важныя бытавыя моманты дзяўчына посціць на сваёй старонцы ў Facebook, а адтуль інфармацыя разлятаецца далей. У аднаго з дальнабойшчыкаў, Сяргея, пачынаецца моцная ангіна — Тася шукае для яго лекара. Знаходзіць — на днях Сяргею зрабілі аперацыю. Патрэбныя рэчы — высылае запыт: «Можна прывезці салярку, пітную ваду, нямоцных цыгарэт (тыпу сіняга вінстана)».

default_f8c6a7c501863429cb921e0ef2acd0db25989001

Дальнабойшчыкі на паркоўцы IKEA Хімкі, фота: moslenta.ru

Пратэсту не ўдаецца разрасціся колькасна, хоць ахвотных далучыцца шмат: паліцыя, ДІБДР і АМАП проста не прапускаюць грузавікі да стаянкі, перакрываюць усе пад’езды. Але з дальнабойшчыкамі салідарныя сотні простых масквічоў: кожны дзень яны прывозяць рэчы і высылаюць грошы. «Падтрымка ўзрушае, мяне тут зусім раскармілі! — дзякуе Тася. — Людзі вязуць гарачую ежу бітонамі, напаўняюць пустыя каністры саляркай. Музыкі прыязджаюць, ды і проста людзі прыходзяць пагутарыць. Першы час нашы хлопцы баяліся любой дапамогі. Цяпер усё ў парадку, але дзівяцца да гэтага часу». Уяўляеце, каб у Беларусі звычайныя людзі днямі, тыднямі падтрымлівалі пратэст звычайных работнікаў, насілі ім ежу і грошы? Большасць проста пабаялася б ехаць да лагера. А тых, хто не пабаяўся б, напэўна, хуценька забралі б «пад пратаколы».

Справаздачы аб тратах грошай, якія расейцы дасылаюць дальнабойшчыкам, Тася кожны вечар выкладвае ў сетку: здымае на фота чэкі і посціць фатаграфіі на тую ж старонку ў Facebook. Грошы сыходзяць на інтэрнэт, на паліва, на патрэбныя прадукты. У многіх кіроўцаў, якія пратэстуюць у Хімках, дома засталіся сем’і, а разам з сем’ямі — крэдыты. Салідарныя расейцы прывозяць грошы і на іх пагашэнне, бо пакуль дальнабойшчыкі пратэстуюць тут, ніякай зарплаты яны не атрымліваюць. Вадзіцелі пішуць кранальныя распіскі: «Я, такі і такі, узяў з агульнай касы столькі рублёў на пагашэнне крэдыту». Прозвішча, імя, дата, подпіс. Кожны тут гатовы адказваць за свае дзеянні, кожны адказвае за сябе. А маладая Тася адказвае яшчэ і за ўсіх разам.

Падтрымліваюць, вядома, не ўсе — хапае і злых языкоў. «Начытаўшыся я ў інтэрнэце ўсякага за гэты час, — прызнаецца дзяўчына. — Але ад мужыкоў ніводнага грубага слова не пачула. Я з імі кругласутачна, таму я сама ўжо амаль дальнабойшчык».

Гісторыя гэтага пратэсту яшчэ не скончана. Тася распавяла мне, што ў найбліжэйшы час лагер дальнабойшчыкаў чакае важных сустрэч і рашэнняў. У пятніцу, 11 снежня, у яе Facebook з’явілася чарговае паведамленне: «Перавозчыкі рыхтуюцца да найбуйнейшай акцыі, але ўсе падрабязнасці пакуль трымаем у сакрэце, бо гэта можа перашкодзіць ажыццяўленню плана. Зусім хутка вы самі ўсё ўбачыце». Можа, і на самай справе ўбачым.

Мікалай Янкойць, kyky.org