Як дзяржава змагаецца з 70-гадовай пенсінеркай
69-гадовая грамадзянская актывістка Ніна Багінская, лецішча якой выстаўляюць на аукцыён дзеля спагнання штрафаў, распавядае, што ўжо “маральны падрыхтавалася да такой страты”.
Нагадаем, што апошнім часам за ўдзел у вулічных акцыях пенсіянерцы налічылі штрафы агульным памерам 75 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Каб спагнаць штрафы, судовыя выканаўцы абвясцілі аўкцыён па продажы лецішча грамадскай актывісткі. Аўкцыён адбудзецца 17 жніўня ў Смалявічах. На продаж выстаўлены зямельны ўчастак памерам 0,07 га з садам і гародам, а таксама садовы дамок плошчай 27 квадратных метраў. Першапачатковы кошт маёмасці – 10 тысяч рублёў (каля 5 тысяч долараў).
Ніна Багінская: Я працягваю ездзіць не лецішча, хаця маральна ўжо падрыхтавана да таго, што магу страціць маёмасць. Але гэта мая прынцыповая пазіцыя – не плаціць штрафы, бо з майго боку, лічу, ніякіх парушэнняў закона не было. Выйшла на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам? Што гэта за парушэнне закона, што гэта крымінал?
РР: Кажуць, што вам прапаноўвалі грошы, каб заплаціць штрафы, і тады лецішча можна было б захаваць…
Ніна Багінская: Я адмовілася прымаць грошы. Сказала: “Вам, маладым, яны больш спатрэбяцца, а я ўжо сваё жыццё пражыла”. Для мяне не сталі адкрыццём тыя рэпрэсіўныя крокі, што сёння робіць улада, бо ў гэтым жыцці шмат чаго пабачыла. Мяне ў свой не хацелі прымаць у геолага-даследчы інстытут, бо мела антыкамуністычныя погляды. Не далі ў НДІ дапрацаваць восем гадоў да пенсіі, бо мела дачыненне да БНФ і распаўсюджвала на працы ўлёткі. Таму рэпрэсій за час свайго жыцця я наглядзелася. Не напалохаюць.
РР: Думаеце, што ваша прынцыповасць нешта можа змяніць?
Ніна Багінская: Мяркую, прыйдзе час, калі ўлада адкажа за ўсё. А зараз няхай народ пабачыць, як дзяржава змагаецца з 70-гадовай пенсінеркай, якая не хоча крочыць “у нагу” з уладай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара