Як каронавірус б’е па рэпутацыі ўладаў?
Грамадскі актывіст Віктар Карняенка распавёў, якія рэпутацыйныя страты сёння нясе беларуская ўлада.
Віктар Карняенка: Калі казаць пра сённяшнюю сітуацыю з каронавірусам, на якую ва ўладаў свой пункт погляду, то можна сказаць, што ў гісторыі гэта ўжо было. Зменшванне праблемы, інфармацыйнае замоўчванне… Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС савецкія ўлады таксама хацелі схаваць праўду ад людзей.
У першыя ж дні пасля трагедыі прапаганда замоўчвала сітуацыю, а затым уся здаровая нацыя аб’ядналася і павяла сябе вельмі прыстойна. Яна добра ацаніла тых, хто замоўчваў трагедыю.
Хаця б узгадаем выбары 1989 года, калі 1-ы сакратар Гомельскага абкама партыі (і не толькі ён) пацярпеў падчас выбараў паразу. Вельмі часта “добрым” словам узгадвалі і таго ж Мікалая Слюнькова, які таксама адыграў сваю злую ролю.
Відавочна, такая аналогія і ў сёняшня сітуацыі магчыма. Не выключана, што гэта той самы выпадак, калі каронавірус зверне шыю беларускай уладзе.
РР: Улады паспрабуюць зараз выправіць свой імідж, які добра сапсавалі апошнім часам?
Віктар Карняенка: Тут ёсць два складнікі праблемы. Калі казаць пра эканамічны складнік, то ўладу можна зразумець за тое, што яны не хочуць уводзіць каранцін. У іх няма рэзерваў на тое, каб гэта зрабіць.
Але пра гэта трэба было казаць людзям шчыра і сумленна. Тады б народ зразумеў, і больш бяспечна сябе паводзіў на вытворчасці.
Але што мы бачым? Масавую браваду, што нічога страшнага няма. З падрыхтоўкай да парада 9 мая, са спартыўнымі чэмпіянатамі, якія ніхто не адмяняў. У 86-м годзе людзям казалі так: “А вы бачыце тую радыяцыю? Не бачыце? Значыцца, яе няма”. Амаль тая самая рыторыка гучыць і зараз.
Пасля выбуху ў Чарнобылі 1 мая таксама праводзілі школьныя лінейкі, парады былі. Гомельскую першамайскую дэманстрацыю па цэнтральным тэлебачанні паказвалі. Але, відаць, гісторыя не ўсіх вучыць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя