Як можа вырашыцца палітычны крызіс у Беларусі?



Палітолаг Валер Карбалевіч разважае пра тое, хто і што можа паўплываць на тое, каб у краіне вырашыўся палітычны крызіс і не было расколу ў грамадстве.

Валер Карбалевіч: Вырашэнне беларускага крызіса будзе залежыць ад беларускага народа. Марныя спадзяванні на тое, што яго могуць вырашыць нейкія замежныя сілы – ці то з Усходу, ці то з Захаду.

Так, пасля масавых рэпрэсій грамадства зараз знаходзіцца ў пэўным дэпрэсіўным стане, а гэта азначае, што і вырашэнне крызіса адцягваецца на няпэўны тэрмін. Нейкі час Беларусь і насамрэч будзе знаходзіцца ў стане гэтага крызіса.

РР: Ці можа Расея паўплываць на яго вырашэнне?

Валер Карбалевіч: Расея магла б паўплываць, калі б моцна гэтага хацела. Але мы бачым, што для Масквы беларускае пытанне сёння – не самае галоўнае, бо ў Крамля ізноў абвастрыліся адносіны з Захадам.

Па-другое, расейскае кіраўніцтва, магчыма, лічыць, што ў Беларусі крызіс і так вырашаны з дапамогай сілавікоў. Таму і ўвага да Беларусі крыху змяншаецца, бо там вырашылі, што парадак ужо навялі. Тым больш, што было заяўлена пра канстытуцыйную рэформу, датэрміновыя выбары і гэтак далей. Расею такое развіццё падзей цалком задавальняе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя