Як можна супрацьстаяць выбарчым фальсіфікацыям?



Гомельскія дэмакраты разважаюць пра метады кантролю за справядлівым падлікам галасоў.

Жыхар абласнога цэнтра Анатоль Байкоў, які ў 2016 годзе балатаваўся ў парламент, прапаноўвае свой варыянт недапушчэння імаверных выбарчых фальсіфікацый.

– Трэба працаваць у тым накірунку, каб заклікаць людзей масава прыходзіць да закрыцця ўчасткаў. Беларусы прызвычаіліся прыстасоўвацца, яны адрозніваюцца яшчэ тым, што законапаслухмяныя. Проста так на плошчу ці куды яшчэ ніхто не выйдзе. Таму трэба беларусаў заклікаць прыходзіць да закрыцця ўчасткаў падчас парламецкай выбарчай кампаніі.

Палітык Уладзімір Кацора прапаноўваў падобную тактыку ціску на выбарчыя камісіі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

– У 2006 годзе на стадыёне, калі прыехаў адзіны кандыдат Мілінкевіч, а там сабралася 5-6 тысяч, было пастаўлена на галасаванне пытанне: ці ісці да участкаў, ці ехаць на плошчу? Я быў прыхільнікам таго, каб заклікаць прыйсці на ўчасткі. Праўда, я не ведаю, колькі прыйшло на ўчасткі, я ўжо на другі дзень сядзеў. Думаю, што мала было людзей.

Парламенцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці ў канцы 2019 года. Сярод магчымых датаў – 10 альбо 17 лістапада. За правядзенне выбараў у дату, якая “блізкая да 7 лістапада”, выказваўся кіраўнік дзяржавы падчас свайго звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 16 красавіка 2019 года.

Беларускае Радыё Рацыя