Як паўплывае вайна ў Ізраілі на адносіны з Украінай?
Мінабароны Украіны зняпраўдзіла фэйк пра ўкраінскую зброю ў ХАМАС для атакі на Ізраіль. Таксама кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмеркавалі ўплыў нападу на Ізраіль на сітуацыю з бяспекай у рэгіёне і за яго межамі.
Адносіны Украіны і Ізраілю падчас анлайн-сустрэчы Асацыяцыі беларускіх ветэранаў пракаментаваў ваенны эксперт, сузаснавальнік асацыяцыі Андрэй Кушняроў:
– Літаральна за дзень ЦАХАЛ узяў сітуацыю пад кантроль і змяніў хаду дзеянняў напрацягу аднаго дня. Ізраіль знаходзіцца ў стане вайны з большасцю сваіх суседзяў даўно. З боку Украіны дапамогі Ізраілю не было ніколі. Яшчэ напачатку гэтага года Украіна падтрымлівала ірана-расейскія рэзалюцыі супраць Ізраілю. Іранскія „Шахеды” ляцелі на Кіеў, а пры гэтым украінскія дыпламаты галасавалі разам з Іранам па антыізраільскай рэзалюцыі. Павінна быць нейкае разуменне, што не толькі мы бяром, але і павінны дапамагаць. Гэта датычыць і беларусаў, у многім больш, чым украінцаў.
На думку многіх экспертаў, у выніку атакі ХАМАС на Ізраіль і бягучай вайны будзе прыпынена перадача Украіне амерыканскай зброі з ізраільскіх складоў. Таксама для Расеі выгадна адцягванне ўвагі ад Украіны праз канфлікт на Бліжнім Усходзе.
Беларускае Радыё Рацыя