Як прайшоў першы дзень збору подпісаў?



Учора ў Беларусі стартаваў збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты.

Якім быў гэты дзень для прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду? Колькі подпісаў сабралі інцыятыўныя групы? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да некаторых прэтэндэнтаў ці ў іх штабы.

Анатоль Лябедзька кажа, што толькі ў панядзелак будзе ведаць дакладныя лічбы па першых днях збору подпісаў.

“Можна сказаць, што ў Менску з кожнага пікета збіралі 40-75 подпісаў, – дадае ён. – Нават і не ведаю, ці шмат гэта. Мы думаем, што на першы дзень можна было чакаць і больш нізкіх лічбаў. Бо ля нас знаходзілася шмат журналістаў, людзі крыху баяцца трапляць у камеру. У Менску ў нас 5-6 дзеючых пікетаў, але ж многія яшчэ працуюць “ад дзвярэй да дзвярэй”.

У штабе Сяргея Гайдукевіча распавядаюць, што 23 ліпеня “людзі працавалі да дзесяці вечара”.

“Няма лічбаў, колькі сабралі ў першы дзень, – паведамілі яны. – У нас 2500 зборшчыкаў подпісаў, хочаце, каб мы кожны дзень абагульнялі такую вялікую інфармацыю? Дарэчы, у пікетах мы не бачым эфектыўнасць збору подпісаў, таму пакуль у сталіцы ў нас ніводнага і не было. Ходзім да людзей наўпрост дадому”.

“Прыкладна 2400 подпісаў сабралі на кватэрах і 400 на пікетах, – кажа Віктар Цярэшчанка. – На жаль, у пікетах зборшыкі подпісаў дапускалі шмат памылак – то нумар дома забудуць паставіць, то нумар кватэры… А такі подпіс ужо несапраўдныя. Пікеты – малаэфектыўныя”.

А вось Таццяна Караткевіч першым днём задаволена.

“Вельмі добра ён прайшоў, наша каманда актыўна стартанула, – кажа яна. – Думаю, 5 тысяч подпісаў сабралі”.

А вось Сяргей Калякін паскардзіўся на дождж.

“З кожнага пікета збіралі прыкладна 50 подпісаў, – паведаміў Сяргей Іванавіч. – А ў Менску вельмі моцна перашкодзіў дождж. У нас пікеты былі на прахадных заводаў, а дождж хлынуў акурат тады, калі народ пасля заканчэння змены ішоў дахаты. Натуральна, усе паразбягаліся хто куды. І ўвогуле, на пікетах чэргаў да нас няма, як за квіткамі на Пугачову. У асноўным людзі адносяцца да зборшчыкаў подпісаў дабрадушна-абыякава…”

[Not a valid template]

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара