Як прэсуюць лідараў апазіцыі?
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Севярынец распавёў пра тое, чаму ўлады замянілі штрафы за ўдзел у акцыях на адміністрацыйныя арышты.
Не так даўно выйшаў на волю Павел Севярынец, якога 2 кастрычніка асудзілі на 15 сутак за акцыю ў абарону незалежнасці Беларусі.
Палітык Мікола Статкевіч быў затрыманы 30 кастрычніка і асуджаны на 5 сутак за правядзенне акцыі 8 верасня ў Менску, скіраванай супраць сумесных расейска-беларускіх вучэнняў.
Паэта і палітыка Уладзіміра Някляева абвінавачваюць у «закліку да правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем яго арганізацыі і правядзення», 1 лістапада яго чакае суд. Адным словам, судовы канвеер не спыняецца…
Павел Севярынец: Міністр унутраных спраў Шуневіч сказаў жа, што ў краіне будзе “жэстачайшая лібералізацыя”, вось мы яе і бачым на ўласныя вочы. Беларуская “лібералізацыя” менавіта так і выглядае. Улады арыштоўваюць найбольш актыўных лідараў-удзельнікаў пратэстаў і пускаюць іх па судовым канвееры з пастаяннымі адсідкамі на Акрэсціна. Людзей псіхалагічна падвешваюць, думаючы, што, калі ўжо не зламаюць, то прынамсі саб’юць страпцівасць у кагосьці і перашкодзяць працаваць. Насамрэч атрымліваецца, што тым самым улады гартуюць людзей. Упэўнены, што ўсе сённяшнія беззаконні будуць ацэнены пры змене ўлады.
РР: Раней лідарам апазіцыі давалі штрафы, але зараз чамусьці норму перакваліфікавалі ў адміністрацыйныя арышты. Што змянілася?
Павел Севярынец: Пасля вясновых пратэстаў улады зразумелі, што практыка штрафаў і практыка фактычнага дазволу мітынгаваць прыводзіць да масавых акцый пратэсту ў Менску і рэгіёнах. Гэта стала для рэжыму вялікай насцярогай, і зараз намацваюць новы парадак карных дзеянняў. І ў гэтым парадку даводзіцца закручваць гайкі аж да зрыву разьбы. Канешне, разгром Дня волі зрабіў моцнае псіхалагічнае ўздзеянне, пасля гэтага пратэсты значна зменшыліся. Але не зменшыўся ціск у катле. Я пасядзеў 15 сутак з простым людам у камеры і зразумеў, наколькі людзі з нянавісцю ўспрымаюць гвалт рэжыму. І гэты гвалт бывае не толькі палітычным.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя