Як ставяцца кандыдаты ў дэпутаты да зняцця з выбараў?



Ізноў віруе ідэя пра супольнае зняцце дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты за дзень да галасавання ў знак пратэсту. Найбольш вядомыя ўдзельнікі сёлетніх выбараў ставяцца да гэтай прапановы па-рознаму. Гаворыць кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кінарэжысёр Юры Хашчавацкі:

– Як гэта будзе цяпер, безумоўна, вырашыць партыйны сход. Я прыхільнік таго, каб зняцца.

Кандыдат ад Руху “За Свабоду” Юры Губарэвіч хутчэй супраць зняцця, чым за:

– Кожны з кандыдатаў мусіць прадэманстраваць сваім выбарцам, што ён змагаецца за перамогу, што ён не проста выйшаў пабыць нейкі час у ролі кандыдата і зняцца, а разлічвае атрымаць большасць галасоў сваіх выбарцаў. Таму, натуральна, трэба ўдзельнічаць у выбарах і ўдзельнічаць да моманту падліку галасоў.

Катэгарычна супраць зняцця выступаюць кандыдаты Таццяна Караткевіч і Алег Трусаў:

– Гэта бессэнсоўна сёння. Падкрэсліваю – бессэнсоўна. Гэта будзе няправільна.

– Гэта глупства. Калі ты ідзеш, то ідзі да канца.

Тым ня менш, каля 20 кандыдатаў ужо зняліся з выбараў па розных прычынах. Усяго на 110 месцаў у парламенце зараз прэтэндуюць болей за паўтысячы кандыдатаў.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА