Як трапіць у праймерыз, калі вы – звычайны грамадзянін
Ад пяці да сямі. Столькі кандыдатаў на ўнутрыпалітычны праймерыз прагназуе каардынатар нацыянальнага штаба, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. Працэс вылучэння – працягнецца да 16 лютага. Адбываецца яно альбо праз структуры, якія заклалі праймерыз, альбо праз збор як мінімум 200 подпісаў, як гэта робіць актывістка аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова, бо яе структура падтрымлівае іншага кандыдата – Паўла Севярынца.
Аб працэсе вылучэння на ўнутры апазіцыйныя выбары адзінага кандыдата падрабязней кажа Ігар Барысаў:
– Працэс ідзе, я з’яўляюся каардынатарам штаба, прымаем заяўкі ад патэнцыйных удзельнікаў. Гэты спіс адкрыты, і да 16 лютага мы прымаем заяўкі як ад палітычных арганізацый, якія жадаюць паўдзельнічаць у гэтай працэдуры, так і ад звычайных грамадзян. Для гэтага дастаткова сабраць 200 подпісаў, калі самавылучэннем, і дадаткова падпісаць пагадненне, каб адпавядаць нашым крытэрам, напісаць заяву, што жадае ўдзельнічаць, і прадаставіць таксама эквівалент пяціста еўра.
Грашовы ўнёсак патрэбны, каб працэс праймерыз зрабіць найбольш незалежным, грошы пойдуць на тэхнічныя патрэбы і правядзенне Кангрэса дэмакратычных сіл, які і зацвердзіць адзінага кандыдата.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя