Як Украіна дапамагае ўцекачам і перасяленцам?



Больш за 1,5 мільёна жыхароў Луганскай і Данецкай абласцей змушаныя былі пакінуць свае дамы пасля пачатку баявых дзеянняў, ініцыяваных Расеяй і сепаратыстамі, якіх падтрымлівае Крэмль. За гэты час далёка не ўсе ўцекачы здолелі атрымаць ад украінскай дзяржавы належную дапамогу, ёсць вялікія праблемы не толькі з працаўладкаваннем, але і з жытлом, хоць існуе адмысловая праграма, кажа кіеўскі палітолаг Сяргей Стуканаў.

– Дзяржава аплочвае палову кошту кватэры, а другую палову аплочвае перасяленец. Але гэтая праграма фінансуецца вельмі мала. Яна працуе два гады.

Лічбы фінансавай дапамогі перасяленцам з Данбасу на аплату камунальных паслуг даўно састарэлі, але пакуль дзяржава іх не павялічвае.

– Тым, хто зарэгістраваўся, дзяржава выплочвае штомесяц дапамогу на аплату камунальных паслуг 440 грыўняў – гэта 15 даляраў. Гэтая сума была вызначана яшчэ ў 2014 годзе. І на той час яна магчыма адпавядала. А за гэты час у нас моцна выраслі кошты на ваду і газ. І зараз у Кіеве за камунальныя паслугі чалавек можа плаціць дзве, тры і чатыры тысячы грыўняў.  

Шэраг фактараў прывёў да таго, што нямала перасяленцаў вымушаныя былі вярнуцца на акупаваныя тэрыторыі, бо не знайшлі працы і нармальнага жытла для сябе і сваёй сям’і, дадаў Сяргей Стуканаў. Тым часам вырашэнне праблем перасяленцаў і ўвага ўкраінскай дзяржавы да іх мае вялікае значэнне для будучага вяртання акупаваных Расеяй тэрыторый.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svoboda.org