Як змяніць уладу ў Беларусі?
“Цэнтр грамадзянскай салідарнасці”, які дзейнічае па-за межамі краіны, спачатку заклікаў Аляксандра Лукашэнку да дыялогу, а пазней, не атрымаўшы адказу на свой ліст, прыняў зварот з заклікам да мірнай змены ўлады ў краіне. Пра гэта ды іншае гутарым з прадстаўніком Цэнтру “Грамадзянскай салідарнасці” Ануфрыем Рамановічам.
РР: Некаторы час таму нашае радыё атрымала заяву і ліст ад “Цэнтру Грамадзянскай салідарнасці”. Яны тычацца палітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама шляхоў змены ўлады ў краіне. Хто з’яўляецца аўтарам дакумента, што гэта за “Цэнтр Грамадзянскай салідарнасці”?
Ануфрый Рамановіч: Мы выступаем як грамадзяне Беларусі. Трэба адзначыць, што большасць з нас не ўдзельнічаюць публічна ў апазіцыйнай дзейнасці. Большасць працуе ў дзяржаўных установах, арганізацыях і т.д. Разам з тым, усе мы думаем пра тое, як змяніць уладу ў Беларусі. Бо разумеем, што з Лукашэнкам будучыні ў Беларусі няма.
РР: Сам Цэнтр дзейнічае па-за межамі Беларусі?
Ануфрый Рамановіч: Мы лічым, што Цэнтр мусіць знаходзіцца па-за межамі краіны, таму што так здарылася, што лукашэнкаўскія службы настолькі кантралююць апазіцыю, усіх іншадумцаў, што ведаюць нават, хто з пікетам сабраўся на плошчу ці пра тое, што хтосьці будзе пратэставаць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці. Усё загадзя становіцца вядома ўладам і яны робяць усё , каб гэта нейтралізаваць.
РР: 21 студзеня 2017 года ад ініцыятыўнай групы “Цэнтр Грамадзянскай салідарнасці” быў накіраваны пісьмовы зварот Аляксандру Лукашэнку з прапановай пайсці на дыялог з грамадствам. Дыялогу не атрымалася. І вашая чарговая прапанова – знайсці шляхі мірнага адхілення Лукашэнкі ад улады?
Ануфрый Рамановіч: Так. Мы нават пайшлі б на некаторыя саступкі і далі б гарантыі Лукашэнку і яго сям’і, але ён нічога чалавечага не разумее.
РР: Хто будзе галоўнай сілай, якая зможа паўплываць на змену ўлады ў краіне?
Ануфрый Рамановіч: Гэта мусіць быць грамадства. Да гэтага далучаюцца чыноўнікі і іншыя людзі, якія працуюць у дзяржаўных структурах. І калі мы зможам прыйсці да высновы, што толькі будучы разам – народ, апазіцыя, чынавенства, праваахоўныя органы, тады мы яго прымусім адысці ад улады.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Sputnіk Беларусь