Як звязаць беларусаў з Беларусі з беларусамі замежжа



Вось вытрымка са свежага тэксту палітычнага аналітыка Арцёма Шрайбмана:

«Апазіцыя стала прызнаваць усё больш нарастальную дыстанцыю між сабой і большасцю беларусаў унутры краіны».

Калісьці палякі жылі пад нацысцкай акупацыяй і чакалі сканчэння вайны, каб польскі ўрад у выгнанні змог вярнуцца з Лондану. Дыстанцыя была невераемная: лінія фронту і праліў Ла-Манш. А таксама адсутнасць інтэрнэту і мабільнай сувязі.

Дык сітуацыя цяпер падобная, бо ўсе, хто сочаць за падзеямі ў свеце, разумеюць, што без паразы Крамля і ва Украіне і ўнутры Расеі, не будзе паразы дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

Розніца з падзеямі Другой Сусветнай у тым, што пакуль ніхто не збіраецца засылаць на тэрыторыю Беларусі прафесійных дыверсантаў, якія б маглі арганізаваць збройны супраціў па падабенстве з Арміяй Краёвай, толькі на манер ХХІ стагоддзя.

Далей са Шрайбмана: «Фокус прыкладання высілкаў ужо адкрыта ссоўваецца ў бок дыяспары – анлайн выбары ў Каардынацыйную Раду, няўдзел у афіцыйнай кампаніі 2024, пашпарт Новай Беларусі».

Я не так даўна прапанаваў сваю версію, што дэ-факта беларусы за мяжой, прынамсі, грамадскі актыўная частка дыяспараў, – гэта патэнцыйная партыя сяброў, то бок партыя беларусаў.

Шрайбман піша: «Дэмакратычныя сілы ўжо пачалі паніжаць планку сваіх ініцыятываў і амбіцыяў, але пакуль ім складана прызнаць услых, што з дасяжных варыянтаў у іх застаецца тры: 1. нагадваць свету пра праблемы беларусаў. 2. Вырашаць гуманітарныя праблемы. 3. Самазахавацца да лепшых часоў».

«Дэмакратычныя сілы» – вялікая абстракцыя. І дэ-факта і дэ-юрэ ёсць толькі адна легітымная. то бок, прызнаная большасцю беларусаў падчас выбараў

Гаворачы пра «паніжэнне планкі» і «складана прызнацца», Арцём Шрайбман нават не намякае што былі за планкі, і чаму трэба прызнавацца ў відавочных рэчах.

Дык як звязаць беларусаў з Беларусі з беларусамі замежжа?

Беларусы ў Беларусі па магчымасці захоўваюць сябе да лепшых часоў.

Аматарам паразважаць пра народныя паўстанні нагадаю, што любая паспяховая барацьба знутры падтрымлівалася звонку.

Пакуль заходнімі краінамі па Беларусі прынятае калектыўнае рашэнне «чакаць». А значыць беларусам замежжа трэба прыкладаць усе высілкі па грамадска-палітычным аб’яднанні.

Гэта не проста не паніжэнне планкі, гэта беспрэцэдэнтная для еўрапейскай гісторыі магчымасць калі дыяспары змогуць палітычна аб’яднацца калі не ў партыі, то ў рух.

І гэты рух вельмі дасць надзею, прыбярэ адчуванне пакінутасці.

Моцна падтрымае беларусаў унутры рэпрэсіўнага віру.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя