Якабсон вызвалены ад пасады памочніка Лукашэнкі



Аляксандр Якабсон вызвалены ад пасады памочніка кіраўніка Беларусі — галоўнага інспектара па Менску ў сувязі з выхадам у адстаўку. Адпаведнае распараджэнне 3 сакавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Аляксандр Якабсон быў прызначаны памочнікам прэзідэнта — галоўным інспектарам па Менску 21 жніўня 2014 года. Да гэтага ён больш за тры з паловай гады ўзначальваў Камітэт дзяржкантролю Беларусі. Указ аб вызваленні Якабсона ад пасады старшыні КДК у сувязі з пераводам на іншую працу быў падпісаны Лукашэнкам 18 жніўня 2014 года.

Сустракаючыся з чыноўнікам 21 жніўня 2014 года, Лукашэнка адзначыў, што спецыяльна запрасіў Якабсона на сустрэчу, хоць можна было вырашыць гэтае кадравае пытанне, падпісаўшы адпаведны ўказ. „Я раблю гэта наўмысна, каб людзі не падумалі, што ў Якабсона нейкія праблемы з прэзідэнтам або дзяржавай”, — сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што Якабсон застаецца „дзяржаўным чалавекам” і ён не хоча страціць такога спецыяліста. „Дзяржаве вельмі важныя мазгі і вопыт, якія сканцэнтраваныя ў такіх людзей”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён зазначыў, што ў Менску самая вялікая камунальная гаспадарка. „Вы займаліся гэтымі праблемамі, вы сам прамысловец. Менск — гэта велізарная прамысловасць. Вы вопытны чалавек, і гэта вельмі важна для інспектара. Ваш вопыт патрэбны тут”, — рэзюмаваў Лукашэнка.

Аляксандр Якабсон нарадзіўся 18 красавіка 1951 года ў Гомелі. У 1973 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, у 1991-м — Менскі інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ.

З 1975 па 1985 гады працаваў у будаўнічых арганізацыях Гомеля. З 1997 па 2010 гады — першы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама, старшыня Гомельскага гарвыканкама, старшыня Гомельскага аблвыканкама.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі (1990—1995, 1995—1996). Палаты прадстаўнікоў (1996—2000), членам Савета Рэспублікі трэцяга і чацвёртага скліканняў.

У 2010 годзе ўзначаліў Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі.

belapan.by