Якая мусіць быць люстрацыя ў Беларусі
Беларусы разгубленыя праз сутыкненне з шалёнай агрэсіяй хамаў. Гэта факт, які мы ўсе па абодва бакі беларуска-небеларускай мяжы перажываем.
І асабіста мяне на сёння больш за ўсё цікавяць юнакі, якія пайшлі ў міліцыю пасля 2020 году.
Сітуацыя ў нас простая.
Альбо перамагаюць сілы зла, і тады ўсе на ўсход ад ЕЗ і NATO апынаюцца на дзесяцігоддзі ў палоне бесаў рознага памеру.
Альбо перамагаюць сілы дабра. І тады маладыя людзі, якія пайшлі служыць у міліцыю і КГБ, будуць распавядаць, што яны не ведалі пра злачыннасць арганізацый, у якія пайшлі служыць.
То бок, яны не ведалі пра «прэс-хаты», хлорку ў камеры на чатыры чалавекі, дзе ўтрымліваліся больш за дваццаць, пра ўдары галавой аб сценку перад тым як пакласціся між штабялямі людзей, пра іншыя страшныя катаванні, якія не этычна агучваць у эфіры.
Я памятаю, што на маёй вуліцы ў Менску міліцэйскія патрулі з’явіліся толькі ў красавіку 2021 году. То бок, праз восем месяцаў пасля нашай Беларускай рэвалюцыі.
І міліцыянты, якія з’явіліся, мелі на выгляд не больш за дваццаць гадоў.
То бок, дарослыя альбо звольніліся, альбо не свяціліся, бо разумелі і разумеюць, што пакаранне непазбежнае.
Якую форму мусіць мець пакаранне?
Надоечы давялося паслухаць размову з Яўгенам Талерчыкам, прадстаўніком БелПол – арганізацыі былых беларускіх «сілавікоў», якія робяць планы па супрацьстаянню сваім былым калегам, якія засталіся на баку зла – на баку Лукашэнкі.
Сярод іншага спадар Талерчык аналізаваў розныя падыходы да люстрацыі ў былых краінах сацыялістычнага блоку.
Цікава, што самы жорсткі варыянт меўся у былых чэхаславакаў. Там, калі ты працаваў у органах, жыццё ў дэмакратыі было вельмі абмежаваным.
Я прапаную версію сябе – медыя пісьменніка.
Заводзіцца адна крымінальная справа – справа пра лукашызм.
Даецца юрыдычнае азначэнне такой з’яве як лукашызм.
А ўсе гэтыя малалетнія менцяты, якіх я згадаў вышэй, проста ідуць як падазраваныя.
Адна справа – дзясяткі тысяч справаў.
Іншая справа – дзясяткі тысяч падазраваных у адной справе.
Лукашыстаў трэба судзіць іх жа законамі.
___________
Не будзе люстрацыі ў паняццях канца Савецкага Саюзу.
Нам – беларусам – шмат тыцкалі ў твар перамогамі ў ГДР, Польшчы і Чэхаславаччыне.
Толькі забываліся нагадаць, што нашыя заходнія суседзі вызваліліся ад ярма толькі калі распаўся СССР.
Робім што можам, і будзе як хочам.
Жыве беларуская салідарнасць!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя