Якая палітычная будучыня ў Таццяны Караткевіч?
Палітолаг Валер Карбалевіч аналізуе вынікі ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі цяпер ужо былога кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч і распавядае пра яе палітычныя перспектывы.
На наступны дзень пасля выбараў Таццяна Караткевіч заявіла, што будзе прымаць удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі, а таксама, што не адмовіцца ад пасады ва ўрадзе, калі такую прапануюць.
РР: Ці зробіць улада стаўку на Таццяну Караткевіч?
Валер Карбалевіч: Сумняваюся, што ёй дадуць пасаду ва ўрадзе. Улады не вельмі задаволеныя той кампаніяй, якую правяла спадарыня Караткевіч. Яна ў пэўным сэнсе сапсавала той сцэнар, які быў распрацаваны напачатку кампаніі, бо на тых участках, дзе ўдавалася рэальна сачыць за падлікам галасоў, набрала 25-30 адсоткаў. У нашых умовах гэта велізарная лічба, з улікам таго, што частка апазіцыйнага электарату байкатавала выбары і ўвогуле ставілася да яе адмоўна. Мне падалося, што нават афіцыйны лідар, калі казаў пра Караткевіч, не хаваў свайго раздражэння. Таму, як мне падаецца, разлічваць на нейкія пасады ва ўрадзе не даводзіцца. Улада не будзе сваімі рукамі ствараць рэальнага канкурэнта.
РР: А калі казаць пра будучую парламенцкую кампанію…
— Гэтая кампанія значна адрозніваецца ад прэзідэнцкай, чалавек будзе весці агітацыю ў адной акрузе. І тут цяжка нешта казаць ва ўмовах адсутнасці публічнай палітыкі. Мы ведаем, што рэйтынгі палітыкаў, якія ўзняліся падчас прэзідэнцкіх выбараў, праз нейкі час падалі. Невядома, ці напаткае такі ж самы лёс і Таццяну, але такая небяспека ёсць ва ўмовах палітычнага зацішша.
РР: Многія крытыкавалі і крытыкуюць Таццяну Караткевіч за тое, што яна прымала ўдзел у гэтых выбарах. Маўляў, падманула выбарцаў, бо галасы ўсё роўна не лічаць, а сама Караткевіч атрымала ганебныя чатыры з нечым адсоткі. Што вы мяркуеце з гэтай нагоды?
— Улады і не маглі даць больш адсоткаў Караткевіч. Прыкладна такія лічбы былі і ў астатніх апазійных палітыкаў на мінулых выбарах. Хоць рэальна кандыдаты набіралі больш. Выбараў у Беларусі няма ўжо даўно, але ж апазіцыя ў іх усё роўна ўдзельнічала. Таму нейкія дзіўныя прэтэнзіі. У 2010 годзе ў краіне былі сапраўдныя выбары? Калі не, то навошта ў іх удзельнічалі той жа Саннікаў, Някляеў, Статкевіч? Ці для іх стала тады адкрыццём, што выбары непразрыстыя? Зрэшты, крытыка заўсёды будзе… У любой сітуацыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара