Якая роля Беларусі ў расейска-украінскім канфлікце?
Ці будзе вайна паміж Расеяй і Украінай? На думку палітычнага аналітыка Валерыя Карбалевіча, адказу на гэтае пытанне пакуль няма.
У нашым эфіры эксперт выказаў меркаванне, што нават і сам Уладзімір Пуцін яшчэ не прыняў рашэння, што рабіць далей, калі Злучаныя Штаты не пойдуць на саступкі:
-Тут галоўны канфлікт паміж Расеяй і ЗША, Расеяй і НАТА – паміж гэтымі глабальнымі гульцамі. А Беларусь, Украіна – гэта толькі інструмент дзеля ціску на Захад, дзеля таго, каб прымусіць Захад пайсці на тыя саступкі, якіх патрабуе Расея.
РР: Але якая тут роля Беларусі? Лукашэнка таксама вельмі актыўна ўлазіць у гэты канфлікт, прынамсі, сваімі выказваннямі.
Валер Карбалевіч: Безумоўна, што тут не Лукашэнка галоўны гулец. Але ён упісаўся ў гэты канфлікт па нейкіх сваіх асабістых прычынах. І гатовы ісці ў фарватары той палітычнай лініі, якую прапануе Крэмль. І аказаўшыся ў гэтай гульні, ён абмяжоўвае сабе свабоду рук, калідор магчымасцяў і поле для манеўра і ўсё больш залежыць ад Масквы. Ён губляе аўтаномію. І ў гэтым вялізная праблема. А тое, што ён зараз сапраўды так хутка пераарыентаваўся, і цяпер галоўны вораг для яго гэта нават не НАТА, не Польшча, якая нібыта хоча захапіць Гарадзенскую вобласць, а Украіна. І калі глядзець яго рыторыку апошніх дзён, то Украіна – галоўная небяспека, галоўная вайсковая пагроза. І таму супраць яе пераарыентуюцца ўсе вайсковыя намаганні. І беларуска-расейскія вайсковыя манеўры ўпершыню за шмат гадоў пераарыентоўваюцца на поўдзень. Каля ўкраінскай мяжы зараз канцэнтруецца пэўная частка і расейскіх, і беларускіх войскаў.
РР: Гэта робіцца, каб напалохаць Украіну і падыграць адпаведна ў гэтым Пуціну?
Валер Карбалевіч: Каб напужаць Украіну, а можа і дзеля рэальнай падрыхтоўкі нейкага канфлікту, які можа здарыцца. Магчымы розныя варыянты. І, на жаль, не самыя лепшыя.
РР: Сёння ў сваім тэлеграм-канале Вы напісалі: “Чаму Лукашэнка так часта гаворыць пра вайну як нешта непазьбежнае”. І сапраўды, навошта яму гэта?
Валер Карбалевіч: Пасля Крыму ён пазіцыянаваў сябе як палітык, які забяспечыць мір у Беларусі. Ну а пасля 2020 году, пасля пратэстаў усё радыкальна памянялася. І для яго цяпер вельмі важна захаванне ўнутранай напружанасці, “надзвычайшчыны”, градуса напружання. Мадэль крэпасці ў аблозе патрабуе і вонкавых ворагаў. Вось таму ён увесь час штучна падтрымлівае градус напружанасці вонкавай. Тут і міграцыйны крызіс, і гісторыя з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair, і ўвод войскаў АДКБ у Казахстан, ініцыятарам якога ён быў, і вось цяпер гэтыя вайсковыя вучэнні. То бок, дзеля падтрымання градуса напружанасці ён увесь час улазіць у міжнародныя авантуры, дэстабілізуе сітуацыю ў рэгіёне. І ўсё дзеля таго, каб падтрымліваць атмасферу выжывання. Таму што палітычнае выжыванне існага рэжыму магчыма толькі ў сітуацыі пастаяннай напругі ўнутранай і вонкавай. То бок, вярнуцца ў сітуацыю да пачатку прэзідэнцкіх выбараў ён ужо не можа. І ў гэтым трагедыя – трагедыя яго, трагедыя Беларусі і трагедыя мусіць усіх краін рэгіёна, пакуль існуе гэты рэжым у Беларусі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя