Які будзе вынік ад перамоваў Пуціна і Зяленскага?
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выказаўся пра перамовы Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна, а таксама пра стаўленне да гэтых перамоваў афіцыйнага Менска.
Юрась Губарэвіч: Палітыка афіцыйнага Менска – не псаваць стасункі ні з Расеяй, ні з Украінай. У дачыненні да Украіны яшчэ раней была абрана самастойная палітыка, і беларускія ўлады не былі ў фарватары расейскіх настрояў.
Гэта абсалютна лагічны і зразумелы крок, бо ці мала што здарыцца ў будучым у стасунках Беларусі з Расеяй? Як бачым, у апошні час гэтыя самыя стасункі паміж саюзнікамі становяцца ўсё больш і больш напружанымі, бо бакі не могуць дамаўляцца па ключавых пытаннях. А Украіна, акрамя таго, што проста суседка, з’яўляецца яшчэ і адным са стратэгічных эканамічных партнёраў.
Таму, натуральна, Менск з вялікай цікавасцю сочыць за ходам перамоваў паміж Пуціным і Зяленскім і ўжо, зыходзячы з іх вынікаў, будзе распрацоўваць далейшую стратэгію сваіх паводзін.
РР: На ваш погляд, якія перспектывы развіцця ўкраіна-расейскіх стасункаў?
Юрась Губарэвіч: Трэба адзначыць, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі знаходзіцца ў дастаткова складанай сітуацыі, бо з аднаго боку трэба адпавядаць абгрунтаваным антырасейскім настроям, якія ёсць у грамадстве, а з іншага неабходна нейкім чынам развязваць сітуацыю з канфліктамі, якую Крэмль удала выкарыстоўвае для ціску на Украіну.
Гэта не можа працягвацца бясконца, бо ваенны канфлікт – гэта трагедыя для любой краіны. Таму Зяленскаму, безумоўна, даводзіцца лавіраваць. Спадзяюся, што яму хопіць калі не палітычнага досведу, то добрых дарадцаў, якія дапамогуць разабрацца ў сітуацыі і прыняць правільныя рашэнні.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя