Які фармат патрэбны беларускай апазіцыі?
“Апазіцыі неабходны новыя лідары, новыя крокі і новыя ідэі”, – лічыць старшыня аргкамітэта па стварэнні руху “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч.
Цэнтральны камітэт Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» лічыць, што «наспела неабходнасць радыкальнага перафарматавання існуючых у апазіцыі каардынацыйных структур».
Аб гэтым заявіў старшыня арганізацыі Сяргей Калякін, выступаючы на XVIII справаздачна-выбарным з’ездзе партыі.
Калякін лічыць непрымальным становішча, калі ўнутранае і знешняе прадстаўніцтва ад імя апазіцыі «фактычна прыватызавана сямю арганізацыямі». «У складзе «сямёркі» колькасна дамінуюць правыя арганізацыі, што не адлюстроўвае рэальнага раскладу сілы на апазіцыйным палітычным полі», – падкрэсліў ён.
Анатоль Ляўковіч: Як пісаў Крылоў: “А вы друзья, как ни садитесь, все в музыканты не годитесь”. У апазіцыі ёсць хвароба пад назвай “традыцыйныя лідары”. Яны такія ж традыцыйныя ў апазіцыі, як на прэзідэнцкай пасадзе традыцыйны Лукашэнка. Але апошні пабудаваў сваю вертыкаль, якая нейкім чынам працуе. А вось традыцыйныя лідары апазіцыі нічога не здолелі пабудаваць.
РР: На ваш погляд, чаму?
Анатоль Ляўковіч: Таму што трымаюцца за свае месцы, як за апошні шанец. Якія ж вы тады дэмакраты? Я ў свой час прапаноўваў апазіцыі пачаць дыялог унутры і з уладай, быў адным з каардынатараў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Што я сустрэў, і як прынялі маю прапанову? Ніхто не захацеў ніякага дыялогу, ніякіх дэбатаў. Гэта дэмакратыя? Таму я і кажу, што апазіцыя ў асноўным скіравана толькі на тое, каб нейкім чынам “засвяціцца”. Людзі не могуць весці адказную працу – вось у чым уся праблема.
РР: Вы лічыце, што апазіцыйным структурам патрэбны новыя маладыя лідары?
Анатоль Ляўковіч: І новыя людзі патрэбны, і новыя крокі, і новыя ідэі. Традыцыйная апазіцыя носіцца з лозунгамі, якія сябе аджылі. Тыя лозунгі ўжо ўлада даўно прыватызавала і выконвае. Адным словам, праблема не ў тым, які фармат у апазіцыі, а ў каштоўнасцях. Патрэбна будаваць рэальны палітычны працэс, сістэмную палітыку. Гэта вопыт, праца з людзьмі, няхай маленькі, але крок наперад. Самае простае – гэта бясконца лаяць уладу. Але дзе вы бачылі ўладу, якая б яе проста так аддала сваім апанентам? Паспрабуйце перамагчы ўладу на яе полі. Так, складана, існуе ціск. А чаго чакалі? Людзі павінны разумець гэта, калі ўжо вырашылі працаваць на палітычным полі. Хто гэтыя праблемы вырашыць? Міжнародная супольнасць? Давайце без ілюзій. І давайце думаць пра Беларусь, а не пра сваё месца ў апазіцыі. У прэзідэнцкай кампаніі наогул не мае сэнсу ўдзельнічаць, бо паглядзіце, што там за кандыдаты. Яны піярацца падчас кампаніі – не больш за тое. Я сам быў кіраўніком апазіцыйнай партыі, ведаю, як арганізацыі неабходны грошы. Гэта важнае пытанне. Але на першым месцы павінны стаяць ідэі і каштоўнасці. А фармат тут абсалютна ні пры чым. Як кажуць, ад змены месцаў сума не змяняецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота lewkovicz.blog.tut.by