Які кошт «справы патрыётаў»?
Праваабаронца Андрэй Бандарэнка пракаментаваў вызваленне фігурантаў «справы патрыётаў».
Старшыня следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што сёння цягам дня будуць адпушчаныя ўсе фігуранты справы «Белага легіёну».
Андрэй Бандарэнка: Той факт, што сёння ўсе фігуранты будуць на волі, сведчыць пра тое, што справа шытая белымі ніткамі, пра што ўжо неаднаразова казалася. Відавочна, што напярэдадні пасяджэння Парламенцкай Асамблеі ў Менску беларускія ўлады стараюцца прывесці ў парадак хаця б знешні фасад і суадносіцца з патрабаваннямі, якія прад’яўляе еўрапейская супольнасць. Думаю, калі б не гэтыя фактары, хлопцы да гэтага часу знаходзіліся б за кратамі.
РР: Фігурантаў вызваляюць, але сама крымінальная справа не спынена. Якія тут перспектывы?
Андрэй Бандарэнка: Складана сказаць, бо практыка беларускай судавытворчасці і следства паказвае, што гучныя справы ў кожным выпадку да суда даводзяць. Але тое, што зараз адбываецца, гэта дэманстрацыя таго, што няма зусім ніякай доказнай базы. Калі б было хоць нешта, за што можна зачапіцца, то на волю хлопцаў не выпусцілі б. Але нельга прагназаваць, што будзе са справай далей. Улады патрапілі ў патавую сітуацыю. Што б яны не рабілі, гэта будзе паказваць, наколькі фальсіфікавана справа і якімі метадамі рабілася. Таму, напэўна, думаюць, як прыгожа выйсці са становішча, у якое самі сябе загналі. З аднаго боку трэба даводзіць справу да суда, а з іншага яны разумеюць, што ў такім выпадку трэба будзе паказваць абсурднасць справы.
РР: Вы сказалі, што хлопцаў выпусцілі на волю напярэдадні Парламенцкай Асамблеі невыпадкова. Які наагул кошт пытання?
Андрэй Бандарэнка: Кошт вялікі, паколькі Беларусь знаходзіцца ў складаным палітычным і эканамічным становішчы. Зразумела, што беларускае кіраўніцтва правы чалавека не вельмі хвалююць, але стан эканомікі залежыць у тым ліку і ад заходняй дапамогі. Гэта прымушае ўлады ісці на не вельмі папулярныя крокі. Да таго ж, пастаянная залежнасць ад Расеі патрабуе шукаць партнёраў на Захадзе, каб мінімазаваць рызыкі на ўсходнім кірунку.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя