Які прыклад могуць паказаць карупцыянеры?



Праваабаронца Алег Волчак пракаментаваў той факт, што ў Беларусі за апошні месяц ужо некалькі былых чыноўнікаў і кіраўнікоў, якія раней былі асуджаны за карупцыйныя злачынствы, прызначаны кіраваць іншымі прадпрыемствамі.

Днямі стала вядома, што асуджаны за карупцыйнае злачынства былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната Віктар Хадасевіч прызначаны выконваючым абавязкі старшыні СВК «Ліпаўка» ў Хоцімскім раёне.

Былы намеснік генпракурора Аляксандр Архіпаў быў асуджаны на 6 гадоў зняволення за атрыманне хабару, але вызвалены раней часу і цяпер стаў кіраўніком калгаса пад Менскам.

«Гэта было рашэнне кіраўніка дзяржавы, – распавёў Архіпаў “Народнай Волі”. – Але, як я зразумеў, першапачаткова да прэзідэнта звярнуліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адна з дэпутатаў сказала: маўляў, а чаму б не выкарыстаць рэсурс людзей, якія кіравалі прадпрыемствамі, працавалі на карысць радзіме, але ў нейкі момант аступіліся. Замест таго, каб праядаць грошы падаткаплацельшчыкаў у калоніях і лайдачыць, няхай ідуць працаваць! Кіраўнік дзяржавы даручыць падрыхтаваць спіс такіх людзей.

Алег Волчак: На мой погляд, гэта наогул парушэнне нормаў закона, бо карупцыянеры па прысудзе, здаецца, не мелі права на працягу 5 гадоў працаваць на кіруючых пасадах. І ўвогуле незразумела: як людзям, якія патрапіліся на карупцыі, зноў даверылі высокія пасады? Можа і не такія высокія, якія займалі раней, але ж ты павінен паказваць прыклад для падначаленых. А які прыклад могуць паказаць гэтыя карупцыянеры? Распавесці пра свае “баявыя прыгоды”? Да таго ж, яны не прафесіяналы, і відавочна, што юрыст не можа стаць нармальным гаспадарнікам па той простай прычыне, што не ведае гэтую “кухню”. Можа, чалавек і разбярэцца з часам, праз некалькі гадоў, але ж такі падыход – для дылетантаў. На мой погляд, людзі проста вырашылі з дапамогай сваіх знаёмых на волі вырвацца з турмы, на любых умовах. А далей і на самой справе будуць разбірацца па абстаноўцы. Будуць своеасаблівымі “зіц-старшынямі”. Што ім скажуць – тое і зробяць.

РР: Справа таго ж Архіпава была вельмі гучная, грымела на ўсю краіну, а так закончылася…

Алег Волчак: Тут самая крыўдная сітуацыя для следчых, які расследавалі справу. Іх праца, прашу прабачэння, пайшла кату пад хвост, бо мы бачым, што ў выніку атрымалася з сур’ёзнай справы. Калі намеснік генеральнага пракурора, які сам павінен у першую чаргу захоўваць закон, бярэ хабар кілаграмамі золата, а затым яму ўсё гэта даруюць, ды яшчэ і прызначаюць у калгас на кіруючую пасаду, то пра якое змаганне з карупцыяй вы кажаце? Калі вы ўжо і вырашылі, займець хоць нейкі толк ад карупцыянераў, то трэба іх было прызначаць не старшынямі гаспадарак, а адправіць на той жа тэрмін зняволення ў ліцейны цэх за 4 мільёны ў месяц. І няхай бы яны пацягалі пясок ды даведаліся нарэшце, як у нас жывуць простыя людзі, як зарабляюцца пенсіі. Адным словам, усё гэта чарговы раз паказвае, як у нас змагаюцца з карупцыяй на словах і ў рэальнасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота time.kz