Які рахунак выставіць Крэмль?



Былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч выказаўся пра сёняшнія беларуска-расейскія стасункі.

Масква прызнала Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтым, але відавочна, што за гэта выставіць рахунак. Які кошт такога прызнання?

Станіслаў Шушкевіч: Сёння пагроза страты незалежнасці краіны як ніколі вялікая. І першымі, мяркую, будуць здаваць прадпрыемствы, бо расейскі бізнес ўсё актыўней укараняецца ў Беларусь. Паступова будзе адбывацца і палітычная здача краіны.

РР: Падпішуць 31-ю дарожную мапу?

Станіслаў Шушкевіч: Гэта можа адбыцца крыху пазней, а пакуль, мяркую, працягнецца прымусовая русіфікацыя ў краіне. Хутка не зможаце адправіць дзіця ў беларускамоўны садок ці школу. Родная мова ўжо знаходзіцца ў выгнанні ў параўнанні з рускай, а можа быць яшчэ горш.

Таму маё меркваванне такое – улады здаюць Беларусь сабе на карысць. І не варта блытаць праўладным “абаронцам незележнасці” асабістыя інтарэсы з дзяржаўнымі.

РР: Чаго чакаць ў бліжэйшы час?

Станіслаў Шушкевіч: Дабра не будзе, бо Лукашэнка, як ён сам не раз заяўляў, уладу нікому аддаваць не збіраецца. Пры гэтым за 26 гадоў эканоміка так і засталася савецкай, практычна цалкам залежнай ад расейскай.

І зараз Пуцін можа забраць краіну без аніякіх “зялёных чалавечкаў”, бо без расейскай падтрымкі краіна пойдзе ў дэфолт і стане Беларускай вобласцю Расеі альбо нечым накшталт гэтага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя