Якім бачыць будучае Украіны Пётр Парашэнка?



Украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка даў вялікую прэсавую канферэнцыю, на якой падсумаваў вынікі 2015 года, а таксама падзяліўся сваім бачаннем будучага Украіны.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Гэта была першая прэсавая канферэнцыя ўкраінскага лідара ў 2016 годзе. Пётр Парашэнка зазначыў, што ўкраінская дзяржаўнасць не знішчаная, нягледзячы на расейскую агрэсію. Гэта, на думку ўкраінскага прэзідэнта, галоўны вынік 2015 года. Сярод іншых дасягненняў – стварэнне Антыкарупцыйнага бюро, рэформа паліцыі і пракуратуры, а таксама пераадоленне энергетычнай залежнасці ад Расеі. “Украіна нарэшце злезла з газавай іголкі”, – сказаў украінскі лідар.

Галоўныя мэты 2016 года, паводле Парашэнкі, – забеспячэнне міру, а таксама вяртанне ў склад Украіны Крыма і той часткі Данбаса, на тэрыторыі якой створаны самаабвешчаныя ДНР і ЛНР.

Падчас прэсавай канферэнцыі ўкраінскі прэзідэнт адказаў і на некаторыя нязручныя пытанні. Адно з іх тычылася кандытарскага холдынгу “Roshen”, які належыць асабіста Пятру Парашэнку і мае філіі ў Расейскай Федэрацыі. Украінскі лідар афіцыйна паведаміў, што актывы “Roshen” ужо перададзены ім у нейкую міжнародную траставую кампанію.

Аналітыкі, аднак, зазначаюць, што ровень карупцыі ва Украіне за апошні год не толькі не зменшыўся, але па некаторых пунктах перавышае тыя паказчыкі, якія былі за часамі прэзідэнта-ўцекача Віктара Януковіча.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vesti.ru