Якімі будуць беларуска-еўрапейскія стасункі ў 2015 годзе?
Сёняшнія ўзаемадачыненні паміж афіцыйным Менскам і Крамлём палітолаг Андрэй Суздальцаў называе “вельмі напружанымі”.
РР: Як бы зараз ахарактарызавалі беларуска-расейскія ўзаемадачыненні?
Андрэй Суздальцаў: Яны вельмі напружаныя. І змены ў беларускім урадзе перад навагоднімі святамі гавораць пра тое, што ўлада шукае рэсурсы, каб выратаваць эканамічную сітуацыю ў краіне. Пры гэтым, напэўна, на сто адсоткаў спадзяванняў на Маскву не існуе. Мы бачым нейкія гандлёвыя разборкі, дыялог па сутнасці адсутнічае. Фармальныя гутаркі адбываюцца ў фармаце інтэграцыі, але гэта не тое. На мой погляд, у Крамля таксама няма даверу да беларускай улады. Як кажуць, усё ідзе са скрыпам. Ва ўзаемадачыненнях не бачна прагрэсу. А гэта, у сваю чаргу, сказваецца на эканоміцы, так што продажы беларускіх тавараў у Расеі змяншаюцца.
РР: Афіцыйны Менск балансуе паміж Кіевам і Масквой. Магчыма, гэта раздражняе Крэмль?
Андрэй Суздальцаў: Беларускія ўлады ўжо доўгі час балансуюць, але трэба разумець, што з 1 студзеня гэтага года Беларусь увайшла ў Еўразійскі саюз, сябрам якога з’яўляецца і Расея. Таму я не ведаю, наколькі зараз удасца балансаваць, бо ў новым інтэграцыйным аб’яднанні Беларусь і Расея лічацца саюзнікамі. Натуральна, Крэмль лічыць, што саюзнік павінен падтрымліваць. Бо статус саюзніка аплочаны.
РР: Ці будзе ўплываць на стасункі фактар таго, што ў гэтым годзе ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары?
Андрэй Суздальцаў: Безумоўна, бо шмат залежыць ад знешнеэканамічнай кан’юктуры. Вынік выбараў наўпрост залежыць ад эканамічнага становішча ў краіне, а яно зараз вельмі няўстойлівае, хоць Беларусь і атрымоўвае з-за інтэграцыі вельмі танныя энерганосьбіты. Думаю, гэтая няўстойлівасць захаваецца, а таму маё меркаванне, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць правесці датэрмінова – магчыма, у красавіку-траўні. Акрамя таго, будзе мець уплыў на беларуска-расейскія стасункі і супрацьстаянне Расеі з Захадам. Упэўнены, што ад вынікаў гэтага супрацьстаяння шмат у чым будзе залежыць і будучыня Беларусі, якая цесна звязала сябе з Расеяй.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота linkedin.com