Якія перспектывы беларуска-амерыканскіх стасункаў?



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавядае пра перспектывы беларуска-амерыканскіх дачыненняў.

Злучаныя Штаты Амерыкі зноў заклікалі беларускія ўлады распачаць крокі для паляпшэння сітуацыі ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Пра гэта заявіла намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк 18 траўня на сустрэчы з журналістамі па выніках візіту ў Менск.

Нагадаем, Брыджыт Брынк і яе калега, намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бяршчынскі прыбылі ў Менск 17 траўня.

Андрэй Фёдараў: У параўнанні з мінулымі гадамі ёсць, натуральна, зрухі ў беларуска-амерыканскіх дачыненнях. Санкцыі амерыканцы адмянілі, хаця і часткова. Пакуль будуць чакаць, як пройдуць парламенцкія выбары. І тут шмат будзе залежыць ад афіцыйнага Менска. Праўда, не толькі ад Менска, але, на жаль, і ад Расеі, таму што шматлікія пытанні вызначаюцца і зыходзяць з узаемаадносін ЗША, Захаду і Масквы. Калі Крэмль будзе працягваць свае агрэсіўныя дзеянні ва Украіне і іншых месцах, калі працягнецца супрацьстаянне з НАТА, то не сумняваюся, што Расея ўцягне ў гэтае супрацьстаянне і Беларусь. Суадносна, гэта адаб’ецца і на беларуска-амерыканскіх стасунках. Таму складана рабіць нейкія прагнозы, паколькі далёка не ўсё залежыць ад беларускіх уладаў.

РР: А ці гатовыя ЗША прыняць гэтую ўладу такой, якая яна ёсць зараз?

Андрэй Фёдараў: Думаю, што там не будуць зусім заплюшчваць вочы на ўнутраную палітыку афіцыйнага Менска і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Праўда, трэба будзе глядзець, як стане весці надалей сябе ўлада. Калі будуць жорсткія разгоны, палітзняволеныя, то ЗША, безумоўна, адрэагуе. Калі ж аўтарытарны рэжым будзе паводзіць сябе больш-менш прыстойна, без брутальных дзеянняў, то нейкая супраца працягнецца. Хаця і паспяховай яе наўрад ці назавеш.

РР: Ці можна афіцыйнаму Менску разлічваць на поўнае зняцце санкцый з боку ЗША?

Андрэй Фёдараў: Тут трэба разумець, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўводзіліся не толькі з-за брутальных дзеянняў уладаў, але і з-за яе датычнасці да розных “няправільных рэжымаў”. Калі ўлады не будуць працягваць актыўную супрацу з тымі, каго амерыканцы лічаць бандыцкімі рэжымамі, то можна разлічваць і на поўнае зняцце санкцый.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя