Якія шанцы ў Купчыной стаць генеральным сакратаром АБСЕ?



“Такіх шанцаў няма”, – лічыць першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Як вядома, Беларусь вылучыла кандыдатам на пасаду генеральнага сакратара АБСЕ пастаяннага прадстаўніка нашай краіны пры АБСЕ, пасла Беларусі ў Аўстрыі Алену Купчыну, паведамляе прэс-служба МЗС.

Станіслаў Шушкевіч: Калі казаць пра асобу самой Купчыной, то асабіста да яе ў мяне асаблівых прэтэнзій няма. Мне падаецца, Купчына з таго ўзроўню чынавенства, калі ты застаешся ў гэтай структуры і імкнешся захаваць твар. Добра валодае беларускай мовай, стрыманая ў нейкія ацэнках… 

РР: Ці ёсць у яе шанцы стаць генеральным сакратаром АБСЕ?

Станіслаў Шушкевіч: Думаю, што аніякіх. Хаця нельга таксама на сто адсоткаў і выключаць нейкі таемны план па набліжэнні Беларусі да Еўропы. Мяне больш уразіла заява Лукашэнкі, што ва Украіне ідзе вайна, што краіна змагаецца за незалежнасць… Вось гэта для мяне – большая нечаканасць, чым кандыдатура Купчыной у еўрапейскую структуру. І нечакана, што Польшча адкідвае Туска, які, здаецца, таксама прапаноўваўся на гэтую ж пасаду. Мне не падабаецца, што міністр замежных спраў не пускае былога прэм’ер-міністра ў АБСЕ. Адным словам, падчас палітычных гульняў усё магчыма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя