Якія спадзяванні на “Усходняе партнёрства”?



Палітолаг Уладзімір Падгол распавядае пра тое, якія дывідэнды можа атрымаць Беларусь ад еўрапейскіх ініцыятыў.

24 лістапада ў Бруселі пачаўся саміт “Усходняга партнёрства”, хаця беларускі кіраўнік, нягледзячы на запрашэнне, не паехаў на еўрапейскі форум.

Уладзімір Падгол: Не трэба ўскладаць вялікія спадзяванні на “Усходняе партнёрства”, бо відавочна, што для беларускіх уладаў еўрапейскі накірунак – не прыярытэт. Кіраўнік вырашыў не ехаць у Брусель, хаця праекты, што прапануе “Усходняе партнёрства” краіне, нам патрэбны. Лукашэнка, відаць, вырашыў, што не варта займацца драбязой, няхай з гэтым міністр замежных спраў разбіраецца.  Дрэнная пазіцыя, бо сёння менавіта Еўропа можа прапанаваць краіне выхад з тупіковай сітуацыі ў эканоміцы, у якую мы сябе заганяем ўсё больш праз расейскія прэферэнцыі.

РР: Напярэдадні саміта стала вядома, што Масква зрабіла цану на газ для Беларусі яшчэ ніжэйшай…

Уладзімір Падгол: Вось тое, пра што я кажу. А можа яшчэ паабяцалі, што і нафты больш будзе. Таму навошта беларускім уладам нейкія еўрапейскія саміты, калі танныя энерганосьбіты самі ў рукі плывуць? І не патрэбны ні рэформы, ні новыя заходнія тэхналогіі…

РР: Але праграмы “Усходняга партнёрства” былі б карысныя для краіны?

Уладзімір Падгол: Безумоўна! Хто ж адмовіцца ад грошай, якія вызначаюцца з бюджэта Еўразвязу на розныя праекты? Гэтыя праекты набліжалі б нашу краіну да Еўразвяза.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя