Якой будзе цана на расейскі газ для Беларусі?
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін даручылі міністрам энергетыкі Беларусі і Расеі самастойна ўрэгуляваць пытанне цэнаўтварэння пры пастаўках газу, не выносячы наяўныя рознагалоссі на вышэйшы ўзровень. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паводле вынікаў перамоў кіраўнікоў дзяржаў 8 чэрвеня ў Менску.
„Беларусы, натуральна, лічаць, што яны павінны разлічваць на больш нізкую цану. Мы лічым, што права скідкі такой няма. Гэта чыста камерцыйная спрэчка. Не трэба перабольшваць значэнне гэтай спрэчкі”, – прыводзіць словы Пяскова журналістам „Московский комсомолец”.
У сваю чаргу міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак паводле вынікаў перамоў заявіў, што Беларусь павінна аплаціць ўжо пастаўлены расійскі газ згодна з дзейным кантрактам.
„Гэтая тэма закраналася, і дадзенае даручэнне працягнуць кантакты, кансультацыі двухбаковыя і перамовы. Па сутнасці справы, аргументы двух бакоў тыя ж, але трэба шукаць кампрамісы. Трэба, па-першае, каб згодна з дзейным кантрактам, які ёсць, аплата была праведзеная. Гэта прадмет таксама абмеркаванняў і кансультацый з іх боку. Гэта значыць да цяперашняга часу пакуль перамовы, магу сказаць, не скончаныя і працягваюцца”, – цытуе Новака агенцтва ТАСС.
Як паведамлялалася, газавая спрэчка і перамовы паміж дзвюма дзяржавамі на гэтую тэму вядуцца са студзеня. Менск настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу. Прадстаўнікі расейскага ўрада неаднаразова заяўлялі пра немэтазгоднасць зніжэння цаны. У Расеі гавораць, што цана на расейскі газ для Беларусі разлічваецца на падставе міжурадавага пагаднення, а пераход на вызначэнне цаны на аснове роўнадаходнасці цэн на газ на ўнутраным рынку і за мяжой, на чым настойвае Беларусь, магчымы ў межах ЕАЭС блізу 2025 года.
У пачатку мая стала вядома, што ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” звярнулася ў міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце з іскам у дачыненні да беларускіх газазабеспячальных арганізацый „у сувязі з наяўнасцю запазычанасці з боку газазабеспячальных арганізацый па аплаце пастаўленага прыроднага газу”.
Паводле інфармацыі „Газпрома”, доўг Беларусі за спажыты расійскі газ расце і ўжо перавысіў 200 млн. долараў з пачатку года.
Наяўная цана паставак расейскага газу для Беларусі складае 132 даляры за тысячу кубаметраў. Ва ўрадзе Беларусі лічаць справядлівай цану 73 даляры.