Якую ролю АБСЕ адыграе ў Беларусі?
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе павінна адыгрываць вядучую ролю ў вырашэнні канфлікту ў Беларусі. Пра гэта заявілі міністры замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау і Швецыі Ан Ліндэ ў ходзе тэлефоннай размовы 30 кастрычніка, паведаміла прэс-служба польскага знешнепалітычнага ведамства.
27 кастрычніка ў Стакгольме Ліндэ сустрэлася з былым прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Валерыем Цапкалам і яго жонкай Веранікай, якая ўваходзіла ў каманду кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Кіраўнік шведскай дыпламатыі асудзіла гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і адвольныя затрыманні. Паводле яе слоў, Аляксандр Лукашэнка страціў легітымнасць. Ліндэ падкрэсліла, што Швецыя паслядоўна патрабуе выканання правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі, выступае супраць фальсіфікацыі выбараў, абмежавання свабоды сходаў і свабоды слова. „Беларускі рэжым павінен весці сапраўдны дыялог з апазіцыяй”, — падкрэсліла Ліндэ.
Аб неабходнасці прыцягнення АБСЕ як пасярэдніка ў вырашэнні ў Беларусі неаднаразова заяўлялі Еўразвяз і яго вядучыя ўдзельнікі Германія і Францыя. Беларускія ўлады адмаўляюцца ад гэтай прапановы, як і ад прамых кантактаў з лідарамі ЕЗ, і вядуць завочны дыялог праз прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які, паводле сцвярджэння прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, не супраць пасрэдніцкай місіі АБСЕ.