Якую ядзерную зброю РФ можа даць Лукашэнку?



Адна з самых важных тэм, якія абмяркоўваюцца апошнім часам — гэта размяшчэнне расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. На пытанні пра тое, якая гэта можа быць зброя і чым гэта пагражае Беларусі адказвае сённяшні „Госць Рацыі” — навуковец, папулярызатар навукі Сяргей Бесараб. З ім гутарыць Алеся Вербаловіч.

РР: Што гэта можа быць за зброя? Што яны могуць прывезці ў Беларусь?

Штосьці невялікае, бо тактычная зброя – гэта зброя невялікай магутнасці. Такога вось, як бы афіцыйнага нейкага тэрміну, які характарызаваў бы менавіта, як тактычную зброю, яго ў свеце не існуе. Гэта зброя, якая выкарыстоўваецца для нейкіх тактычных дзеянняў. Напрыклад, калі трэба знішчыць невялікую танкавую групоўку, ці нейкую вайсковую групоўку вайскоўцаў. То бок там непатрэбна вялізная магутнасць, там дастаткова некалькіх кілатон. Адна кілатона гэта эквівалент тысячы кілаграмаў тратылу. У расейцаў яшчэ з савецкіх часоў існуе даволі шырокі выбар тактычных боепрыпасаў. Гэта могуць быць як артылерыйскія снарады, як нейкія боегалоўкі, да ракет, авіяцыйныя бомбы. Нават так званыя спецыяльныя стратэгічныя боепрыпасы, інжынерныя фугасы. Гэта такая рэч, якая можа пераносіцца ў заплечніку і выкарыстоўвацца для падрыву мастоў ці нейкіх інжынерных збудаванняў. З высокай верагоднасцю гэта могуць быць боегалоўкі да ракет, бо раней гэта ўжо агучвалася. Ёсць такая ракета „Іскандэр-М”, яе мадыфікацыя „М” мае магчымасць усталёўваць замест звычайнай боегалоўкі ядзерную баявую частку. Могуць і артылерыйскія снарады таму, што ў 2022 годзе ў Расеі праводзілася выстава, дзе найбольш цікавай была экспазіцыя „Расатама”. Там паказваліся тактычныя ядзерныя боепрыпасы – два снарада калібру 152 і 203 міліметры. Розныя расейскія агрэгаты кшталту „Мста”, „Піён”, „Гіяцынт” выкарыстоўваліся ва Украіне, яны могуць страляць у тым ліку і ядзернымі снарадамі. Ну і, канешне, ёсць верагоднасць, што нейкія авіяцыйныя бомбы могуць даць. На мой погляд, даволі верагодна, што гэта, канешне, у першую чаргу будуць гэтыя мадыфікаваныя „Іскандэры”.

РР: Якія ўмовы патрэбныя для захоўвання гэтых мадыфікаваных „Іскандэраў”?

Я лічу, што тэрмін, менавіта да 1-га ліпеня, ён у асноўным мае такі папулісцкі характар. У асноўным гэта зварот да еўрапейскіх палітыкаў, што ў іх ёсць час падумаць. Калі б яны хацелі прывезці ці збудаваць, то яны б не ставілі тэрмін да ліпеня. Што датычна сховішча, то за тры месяцы яго пабудаваць немагчыма. Тут ёсць некалькі прычын. Па-першае, сховішча павінна быць капітальным збудаваннем, у якога ёсць ахоўны перыметр. Па-другое, сістэмы вентыляцыі, сістэмы бяспекі. Гэта ж не хлеў для жывёлы, гэта не робіцца за адзін месяц, за два, за тры. Калі б такая актыўнасць пачалася, то яна была б адразу бачная. Той жа маніторынгавы „Беларускі Гаюн”, адразу б заўважылі, што пачалося перамяшчэнне тэхнікі, як было ўжо з будаўніцтвам аэрадрому ў Лунінцы. Як толькі пачалася нейкая дзейнасць па будаўніцтву, выразаць лес пачалі, рабіць нейкія збудаванні, то адразу „Беларускі Гаюн” заўважыў. Казаць, што штосьці будуюць, а ніхто пра гэта не ведае, ніхто не бачыў, ну гэта смешна. Таму я лічу, што хутчэй за ўсё будуць захоўваць у нейкіх збудаваннях савецкага часу. Яшчэ на гэтую версію працуе тое, што ў 2022 годзе Лукашэнка заяўляў пра тое, што: „Мы гатовыя трымаць у сябе ядзерную зброю. У нас каля сямідзесяці ракетных шахт з савецкага часу яшчэ засталося”. Улічваючы ўсе гэтыя факты, якія я пералічыў, я лічу, што мабыць у нейкім сховішчы яны адпампавалі ваду. Шмат сховішчаў былі не разбураныя, яны былі закінутыя і затопленыя вадой. Ваду адпампавалі і ў прынцыпе гатовы аб’ект.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як зазначыў у інтэрв’ю дзяржмедыя амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў, ядзерная зброя будзе знаходзіцца каля заходніх межаў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя